Тры блокі эканамічных пытанняў Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам

30 января 2014

Міжнароднае супрацоўніцтва і, у прыватнасці, усходні вектар абмяркоўваліся сёння на яшчэ адной сустрэчы ў працоўным графіку Прэзідэнта. Тры блокі эканамічных пытанняў Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. Вынікі нядаўняга візіту ўрадавай дэлегацыі ў Кітай, разгрузка складоў і сітуацыя ў дрэваапрацоўцы. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на стане спраў у прамысловасці.


На думку прэм'ера, рынак прачынаецца марудна і істотных зрухаў у ажыўленні эканамічнага росту пакуль не назіраецца. Аднак важкіх вынікаў атрымалася дабіцца ў гандлі калійнымі ўгнаеннямі, а таксама прадукцыяй машынабудавання.


Што датычыцца нядаўняга візіту ўрадавай дэлегацыі ў Кітай, гаворка ідзе аб пераходзе на прынцыпова новы ўзровень супрацоўніцтва: ад таварна-крэдытнага - да інвестыцыйнага. Працаваць на беларускім рынку плануе шэраг буйных кітайскіх кампаній.


У найбліжэйшы час для дэталёвага абмеркавання ўсіх пытанняў у Беларусі чакаюць вялікую групу спецыялістаў з Кітая. Актыўна працягваецца праца і па стварэнні кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Падрыхтаваць інфраструктуру да яго абяцаюць ужо да мая - чэрвеня гэтага года.