Тонкасці рэстараннага бізнесу з нуля асвоіў аграном у Навагрудскім раёне

18 февраля 2019

Каб выйсці на новы ўзровень развіцця, як паказвае практыка, стымулаў і льгот недастаткова. Патрэбная ініцыятыва. Асабістая зацікаўленасць у поспеху распачынання. І гісторыя героя нашага наступнага сюжэта - таму пацвярджэнне. У Навагрудскім раёне беспрацоўны аграном адкрыў у сваім аграгарадку сямейнае кафэ. Перакваліфікавацца ў рэстаратары дапамаглі ў мясцовай службе занятасці. Мужчыну адправілі на бясплатныя курсы прадпрымальніцтва, дапамаглі скласці бізнес-план і забяспечылі стартавым капіталам. Сёння кафэ працуе і карыстаецца папулярнасцю. Плюс - створаны новыя рабочыя месцы. І размова ідзе пра пашырэнне справы. Пра асаблівасці сельскага бізнесу рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Рабочы дзень сям'і Жарскіх пачынаецца са складання меню. Папярэднія заказы, абедзенныя наборы і, вядома, дэсерты. Асвойваць усе тонкасці рэстараннага бізнесу прыйшлося з нуля паўгода таму, калі ў беспрацоўнага бацькі з'явілася ідэя адкрыць у сваім аграгарадку паўнавартаснае кафэ.

Мікалай Жарскі, індывідуальны прадпрымальнік: "Выбралі кафэ, таму што тут, у Нягневічах, няма нічога, ніякіх зон адпачынку. Моладзі ўвечар няма куды пайсці. Дзецям няма дзе дзецца. У самога шмат унукаў. Ну і вырашылі адкрыць кафэ. У гэты час будынак гэты вызваліўся. Мы ўзялі яго ў арэнду, аформілі дакументы і заняліся рамонтам".

Адкрыць уласную справу Жарскія вырашылі на вялікім сямейным савеце. Пралічылі ўсе плюсы і мінусы. Нягледзячы на цяжкасці, ідэю падтрымалі ўсе без выключэння. Дзеля сямейнага бізнесу ў родны аграгарадок нават вярнуліся дзеці.

Вольга Цуран, дачка Мікалая Жарскага: "Мы не шкадуем і мы задаволены, што згуртавалі сям'ю. Кожны з нас з розных куткоў Навагрудскага раёна, нават далей, пакінулі свае работы, пасады. Для таго, каб тут сабрацца і даказаць самім сабе ў першую чаргу, што мы можам нешта ў гэтым жыцці зрабіць для людзей, не толькі для сябе, але і для людзей".

Рабіць першыя крокі ў незнаёмай сферы, прызнаецца Мікалай Жарскі, было цяжка. Як мінімум неабходны стартавы капітал. На дапамогу прыйшлі ў раённай службе занятасці. Мужчыну ў статусе беспрацоўнага накіравалі на перанавучанне. Дапамаглі скласці бізнес-план і аказалі фінансавую падтрымку.

Валерый Гушча, начальнік аддзела кіравання па працы, занятасці і сацабароне Навагрудскага райвыканкама: "Рашэннем камісіі Навагрудскага райвыканкама было прынята рашэнне выдзеліць яму субсідыю памерам 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Гэта на сённяшні дзень 3 200 беларускіх рублёў".

Сёння кафэ ў Нягневічах - самае папулярнае месца ў аднавяскоўцаў. Пакаштаваць фірменныя стравы прыязджаюць сем'ямі з суседніх вёсак і нават з райцэнтра.

Каб бізнес быў паспяховым, неабходна было завабіць як мага больш наведвальнікаў. І сям'я Жарскіх пайшла на не зусім стандартны для вёскі крок - адкрыла ў сваім кафэ дзіцячы куток. Такую пляцоўку сустрэнеш не ў кожным гарадскім кафэ.

Адкрыць уласную справу дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў Гродзенскай вобласці змаглі ўжо сотні чалавек. Бязвыплатныя субсідыі - гэта адна з формаў вырашэння праблемы беспрацоўя. Толькі за мінулы год на гэтыя мэты было выдаткавана 500 тысяч рублёў.

Аляксандр Собаль, начальнік упраўлення камітэта па працы, занятасці і сацабароне Гродзенскага аблвыканкама: "На працягу года колькасць беспрацоўных, хто стаіць на ўліку ў службе занятасці, паменшылася на 37 %. На 1 студзеня ў нас было зарэгістравана 1 777 чалавек у якасці беспрацоўных. Узровень беспрацоўя па вобласці складаў 0,4 % да колькасці працуючай сілы".

Што да сельскага рэстаратара Мікалая Жарскага, то ў яго ў планах пашыраць свой бізнес. У найбліжэйшы час збіраецца ўзяць у арэнду яшчэ адно памяшканне на 50 пасадачных месцаў і стварыць дадатковыя рабочыя месцы. Ахвотнікаў уладкавацца да яго на працу, прызнаецца, у аграгарадку шмат.