Цяплічныя ўмовы - для вітаміннага ўраджаю. Раскажам, колькі ўжо важыць кошык Мінскай агародніннай фабрыкі

10 апреля 2024

Ураджайны мікс у беларускіх цяпліцах! Зараз збіраюць свежыя агуркі і таматы, зеляніну, на чарзе - перцы. Толькі ў Мінскай агародніннай фабрыцы за сезон атрымліваюць каля 9 тыс. т прадукцыі. Урадлівыя плантацыі расцягнуліся ў новых цяпліцах. Запланавана таксама мадэрнізацыя старых плошчаў.

Падрабязнасці ў Алены Вітко.

Ураджай у цяпліцах: мікс вітамінаў

Румяныя, сакавітыя, духмяныя... Таматы першага ўраджаю - ужо ў кошыку Мінскай агародніннай фабрыкі. Чакаюць шчодрыя 60 кг з аднаго квадратнага метра. Усяго ж памідоры тут растуць на шасці гектарах.

Спелыя плады збіраюць тры разы на тыдзень. Плюс працэдуры па доглядзе. Толькі ў цэху абароненага грунту - звыш 260 спецыялістаў. Цяпліцы расцягнуліся амаль на 19 га, асноўныя плантацыі - з агуркамі.

У сярэднім за год атрымліваюць каля 9 тыс. т гародніны. Сёлета сабралі ўжо больш за тысячу вітамінных тон.

Ва ўраджайным міксе ёсць таксама зялёныя культуры. Тут, напрыклад, расце салата. А побач - рукала, пятрушка, базілік. Прадукцыю збіраюць штодня, да 3 тыс. штук. А ў месяц гэта 80-100 тыс. упаковак.

Лінейку зеляніны плануюць пашырыць: фітаасартымент дапоўніць ліставы "айсберг". Ёсць таксама цыбуля на пяро. Каб атрымаць максімум карысці, ствараюць спецыяльны мікраклімат. Высокая вільготнасць і тэмпература. Баклажаны, напрыклад, вырошчваюць у мінеральнай ваце. А пажыўныя элементы паступаюць праз кропельны паліў.

Такі бясцэнны прадукт - вагой ад 400 да 600 грамаў. Ужо сабралі 1,5 тоны. Побач паспяваюць перцы (жоўтыя, аранжавыя, чырвоныя). Ураджай чакаюць у канцы красавіка.