Лёс Любанскага рыбакамбіната - пад вялікім пытаннем

1 августа 2016

Запазычанасць перад крэдыторамі і замарожаны новы цэх па вытворчасці кансерваў. Лёс Любанскага рыбакамбіната - пад вялікім пытаннем. Вердыкт павінны вынесці рэвізоры і кіраўніцтва вобласці. Абсталяванне, набытае чатыры гады таму, апынулася тэхнічна састарэлым: некаторым агрэгатам больш як дваццаць пяць гадоў. Надзея Сербіненка разбіралася ў сітуацыі.

Рыбакамбінат у Любані - адзін з найбуйнейшых вытворцаў прэснаводнай рыбы ў Мінскай вобласці. У сарака дзевяці сажалках на тэрыторыі прадпрыемства выгадоўваюць карпа, сома, белага амура і таўсталобіка.

Але са збытам прадукцыі ёсць праблемы. За мінулы год страты склалі амаль 15 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, за паўгода 2016 - каля чатырох. Уласныя магутнасці дазваляюць прадпрыемству вэндзіць, вяліць, сушыць рыбу. Ідэя пашырыць асартымент і стварыць новую лінію па вырабе рыбных кансерваў вылілася ў яшчэ адну праблему.

Гэтае абсталяванне знаходзіцца тут ужо 4 гады, але пакуль ні адна бляшанка рыбных кансерваў не сышла з канвеера. Машыны былі закупленыя з парушэннямі, абсталяванне не наладжана, і для яго карэктнай працы патрэбны дадатковыя сродкі, якіх у рыбнай гаспадаркі няма.

Будаўніцтва кансервавага цэха пачалося ў 2012 годзе. Першапачатковая праектная магутнасць лініі - дваццаць тысяч бляшанак за суткі. На рэалізацыю інвестпраекта быў выдаткаваны крэдыт - і хутка ў цэху з'явілася абсталяванне, але яно апынулася тэхнічна састарэлым. Некаторыя агрэгаты былі выпушчаныя ў 1989 годзе. Зараз у няпростай сітуацыі разбіраецца камітэт дзяржкантролю.

Вывесці прадпрыемства з крытычнага становішча даручана новаму кіраўніцтву. Найперш трэба правільна ўсталяваць кансервавую лінію.

Вердыкт аб далейшым лёсе прадпрыемства будзе вынесены да дзясятага жніўня, калі скончыцца праверка ўсіх дакументаў.