Будаўніцтва другой МКАД у самым разгары

12 марта 2014
Зараз будаўнікі працуюць на першым участку - ён звяжа рэспубліканскія трасы М3 і М6. Рэалізаваць праект будаўніцтва другога кальца плануецца ў два этапы - другі ўчастак злучыць дарогі Мінск - Гродна і Брэст - Мінск. Усяго ж працягласць другога кальца будзе больш за 160 кіламетраў.

На будаўнічай пляцоўцы пабывала Наталля Кезік.

Дакладныя праекты карэкціруюцца штодня - частка другога транспартнага кальца праходзіць паблізу прыватнай жылой забудовы. Другое транспартнае кальцо звяжа паміж сабой усе рэспубліканскія магістралі.

Зараз будаўнікі працуюць на ўчастку ад дарогі Мінск - Віцебск да магістралі Мінск - Гродна. Другая чарга будаўніцтва - участак ад аўтадарогі Мінск - Гродна да трасы Брэст - Мінск. Апошняя частка новай кальцавой - цяперашні ўчастак трасы Брэст - Мінск, Мінск - Нацыянальны аэрапорт і Слабада - Паперня.

Прапускная здольнасць Мінскай кальцавой аўтадарогі цяпер прыкладна 90-100 тысяч аўтамабіляў за суткі. Другое транспартнае кальцо, якое будзе пабудаванае вакол сталіцы, зможа вызваліць ад транзітнага транспарту, гэта прыкладна 10 тысяч грузавых машын.

Пасля адкрыцця другой кальцавой уезд на першую дазволяць толькі службоваму транспарту, што абслугоўвае гарадскія прадпрыемствы і гандлёвыя пункты. Дальнабойшчыкі ж будуць аб'язджаць сталіцу. Гэты фактар дапаможа значна палепшыць экалагічную сітуацыю. Больш за тое, другая кальцавая злучыць прыгарадныя пасёлкі і гарады-спадарожнікі. Напрыклад, з Заслаўя ў Смалявічы можна будзе прыехаць, не заязджаючы ў сталіцу.

Зараз, на першым этапе, рабочым даводзіцца будаваць дарогу з нуля: здымаюць раслінны грунт і рыхтуюць зямельнае палатно.

Мяркуецца, што першыя 20 кіламетраў другога кальца адкрыюць для руху транспарту ўжо сёлета. Агульная ж даўжыня кальцавой складзе амаль 160 кіламетраў, у кожным кірунку па дзве паласы. Дарэчы, дарога атрымае статус магістральнай, а значыць на ёй можна будзе развіваць хуткасць 120 кіламетраў за гадзіну.