Сталіца і Мінская вобласць выходзяць на новы ўзровень супрацоўніцтва з Кітаем

12 мая 2015

З галоўных сфер інтарэсаў - інфармацыйныя тэхналогіі, харчовая прамысловасць, машынабудаванне. Учора кіраўнікі і бізнесмены цэнтральнага рэгіёна і кітайскай правінцыі Гуандун намецілі план ўзаемадзеяння.

Аляксей Кандраценка прааналізаваў перспектывы двухбаковых выгод.

Кітайская Народная Рэспубліка для сталіцы і Мінскай вобласці адзін з ключавых і надзейных партнёраў. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва прыносіць свой плён. Яскравы прыклад - будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, а таксама развіццё аўтазавода "БелДжы".

Дэгустацыя мясной і малочнай прадукцыі ў бізнес-цэнтры - з двайным сэнсам: гэта і міні-ланч, і магчымасць пераканацца ў якасці тавару. Літаральна праз некалькі месяцаў з ім пазнаёмяцца кітайскія спажыўцы. Права на экспарт атрымалі малаказаводы Барысава, Маладзечна, Слуцка.

Аляксандр Сагаловіч, начальнік аддзела Слуцкага сыраробнага камбіната: "Слуцкі камбінат атрымаў дазвол на імпарт сыроў, алею, сухога малака, сыроваткі ў КНР. Мы прайшлі па ўсіх нормах, атрымалі ўсе дакументы".

Кітай традыцыйна гатовы прапанаваць прадукцыю сферы інфармацыйных тэхналогій і будаўніцтва.

Лань Фан, старшыня Асацыяцыі будаўнічых матэрыялаў правінцыі Гуандун (КНР): "Нашы кампаніі з правінцыі Гуандун займаюць вялікую нішу на рынку будматэрыялаў усяго Кітая. Мы гатовыя прапанаваць вялікі выбар. Гэта абавязкова зацікавіць нашых беларускіх партнёраў".

Яшчэ адзін узаемавыгадны праект Мінскай вобласці і Паднябеснай - выраб аўтамабіляў "БелДжы". У Барысаве зараз ўзводзяць новы завод магутнасцю 60 000 машын за год.

Аляксандр Турчын, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама: "БелДжы - гэта пашырэнне новых магутнасцяў. У нас сёння на базе завода "Гідраўзмацняльнік" ёсць зборачная вытворчасць, а гэта цалкам новы завод. Вы ведаеце, кампанія "Джылі" - саўладальнік кампаніі "Вольва", таму з улікам тых сучасных тэхналогій, якія да нас прыходзяць, я думаю, гэта будуць сучасныя аўтамабілі, якія адказваюць усім патрабаванням нашага патрабавальнага пакупніка".

Сотні адзінак дарожнай і будаўнічай тэхнікі, тысячы рабочых! Кітайска-беларускі індустрыяльны парк узводзяць з размахам. Тут усё адпавядае назве аб'екта - "Вялікі камень". 25 кіламетраў ад Мінска, побач аэрапорт, чыгунка і аўтамагістраль. Па сутнасці, у Смалявіцкім раёне з'явіцца цэлы гарадок з асаблівым прававым статусам і камфортнымі ўмовамі для працы і пражывання. Арыентацыя яго рэзідэнтаў - электроніка, хімія, біямедыцына, машынабудаванне.

Андрэй Галь, кіраўнік адміністрацыі кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень»:
"Задача стаіць да канца 2015 года завяршыць будаўніцтва ўсіх інжынерных сетак і вуліц і да кастрычніка 2016 года выканаць усе работы па інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Самы буйны кітайскі інвестар мяркуе інвесціраваць у будаўніцтва лагістычнага цэнтра пяцьсот мільёнаў долараў".

Першыя рэзідэнты "Вялікага каменя" пачнуць выпускаць прадукцыю ўжо ў 2017 годзе. Разам з ёй з'явіцца прыбытак, у бюджэт паступяць падаткі. Вынік на перспектыву, выгады ад якога для Беларусі і Кітая відавочныя ўжо сёння.