Шчучынскае прадпрыемства па перапрацоўцы малочнай сыроваткі - найбуйнейшый экспарцёр краіны

23 апреля 2019

Прыватны капітал плюс інавацыйная вытворчасць, як вынік  сотні новых рабочых месцаў. Такую формулу прымяніла шчучынскае прадпрыемства па перапрацоўцы малочнай сыроваткі. І вельмі паспяхова. У выніку за два гады завод ператварыўся ў найбуйнейшага экспарцёра краіны. Беларускі брэнд ужо вядомы ў 26-ці краінах свету, а найбуйнейшым спажыўцом  тавара з'яўляецца Кітай. На падтрымцы такіх прадпрыемстваў акцэнтаваў увагу Прэзідэнт і падчас Штогадовага паслання беларускаму народу і парламенту. Стварэнне новых рабочых месцаў - прыярытэтная задача для ўсёй вертыкалі ўлады.   Аб перспектывах інавацыйнага прадпрыемства - Юрый Карняловіч

Яшчэ некалькі гадоў таму сыравіна для гэтага прадпрыемства лічылася прамысловымі адходамі малочных камбінатаў. У той час як на Захадзе сыроватку актыўна перапрацоўвалі і пастаўлялі ў тым ліку  і ў нашу краіну. Сітуацыя змянілася, калі два гады таму ў Шчучыне з дапамогай прыватных інвестыцый з нуля ўзвялі сучасны завод.

Усе працэсы на гэтым прадпрыемстве цалкам аўтаматызаваныя. Вытворчасць сыроваткі адбываецца практычна без удзелу чалавека. Усе асноўныя паказчыкі выведзены на маніторы ў аператарскую. І ў выпадку ўзнікнення якой-небудзь пазаштатнай сітуацыі, яе можна лёгка выправіць пры дапамозе націску "мышкі".

У выніку атрымліваецца сухая сыроватка і вытворныя з яе канцэнтраты. Прадукты незаменныя ў любой харчовай прамысловасці. Працуе прадпрыемства кругласутачна, каб падтрымліваць такі рэжым, неабходныя высокакваліфікаваныя кадры. 

Аб неабходнасці стварэння менавіта такіх высокапрадукцыйных рабочых месцаў гаварыў і Прэзідэнт краіны падчас Штогадовага паслання беларускаму народу і парламенту. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, інавацыйныя вытворчасці атрымаюць шырокую падтрымку ва ўрадзе. А людзі - магчымасць не проста працаваць, а зарабляць грошы.

Працу на прадпрыемстве ў Шчучыне атрымалі не толькі жыхары суседніх раёнаў, а нават абласнога цэнтра. Усе высокакваліфікаваныя спецыялісты. Інжынер-тэхнолаг Ганна Зубель кожны дзень прыязджае на завод за 60 кіламетраў з Гродна. Аб сваім выбары не пашкадавала. Зарплата вышэйшая за сярэднюю па рэгіёне, ёсць перспектывы для кар'ернага росту.

Будаваўся завод у Шчучыне як імпартазамяшчальнае прадпрыемства, але за два гады ператварыўся ў найбуйнейшага ў краіне экспарцёра тавараў. У спісах паставак  26 краін. Сваім дасягненнем  тут лічаць выхад на кітайскі рынак, дзе канкурыраваць прыходзіцца з найбуйнейшымі еўрапейскімі і амерыканскімі вытворцамі.

Прадпрыемству па перапрацоўцы малочнай сыроваткі ўсяго крыху больш за два гады, а яно ўжо знаходзіцца ў стадыі мадэрнізацыі. Гэта проста неабходна, каб утрымаць рынкі збыту. Сёлета тут плануюць асвоіць вытворчасць новых відаў прадукцыі, што дазволіць стварыць дадаткова дзясяткі высокапрадукцыйных рабочых месцаў.