Сёння парламент адобрыў восьмы дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі"

14 июня 2018

Ён уступіў у сілу ў канцы сакавіка. Дакумент назвалі гістарычным. Ён накіраваны на стварэнне эканомікі "ведаў і тэхналогій", развіццё не толькі IT-сферы, але і традыцыйных галін. Дзеянне дэкрэта пацвердзіла неабходнасць яго прыняцця, заявіў сёння ў парламенце першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі. Адзін з аргументаў - беспрэцэдэнтны рост колькасці рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. З пачатку года тут зарэгістравалі больш за сотню кампаній. Абноўленыя ўмовы працы ў парку дапамогуць адпрацаваць эфектыўныя падыходы па рэгуляванні ўсяго прадпрымальніцтва ў краіне.

Васіль Мацюшэўскі, першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Мы павінны разглядаць лічбавы дэкрэт у непарыўнай сувязі з наступным, значна больш маштабным крокам, які быў дакладна акрэслены ў пасланні Кіраўніка дзяржавы, - ператварыць Беларусь у адно з самых прывабных месцаў у свеце для багатых, таленавітых і паспяховых людзей. І калі лічбавы дэкрэт справядліва назвалі рэвалюцыйным, то будучае рашэнне аб ператварэнні Беларусі ў спрыяльнае месца для капіталу, у цывілізаваную, зручную і свабодную фінансавую гавань наогул павінна стаць гістарычным".

Ва ўрадзе ўпэўненыя, што восьмы дэкрэт стаў адной з самых значных для эканомікі заканадаўчых норм. Ён прадаўжае спецыяльны прававы рэжым для Парка высокіх тэхналогій, стварае камфортныя ўмовы для працы замежных партнёраў і інвестараў.