З 1 сакавіка для індывідуальных прадпрымальнікаў нічога не зменіцца

28 февраля 2015

Галоўная эканамічная навіна дня. Навіна, на якую вельмі спадзяваліся сотні тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Я нагадаю, з 1 сакавіка яны павінны былі працаваць па новых правілах. У першую чаргу з пункта гледжання сертыфікацыі тавараў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Гаворым "павінны былі" па той прычыне, што сёння стала вядома: ІП атрымліваюць часовую адтэрміноўку. І звязаная яна з тым, што па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ўрад разам з бізнес-саюзамі ў найбліжэйшы час павінны распрацаваць прынцыпова новы дакумент, які змог бы ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў. Сёння гэта пацвердзілі на экстранным брыфінгу ў Міністэрстве эканомікі. Важны момант: у ведамстве засведчылі, што да падпісання новага ўказу кантралюючым органам дадзеная ўстаноўка не выкарыстоўваць ніякіх мер адміністрацыйнага ўздзеяння. А значыць - можна працягваць спакойна працаваць. Усе падрабязнасці ў Андрэя Лапцёнка.

Пачатку вясны "іпэшнікі" чакалі з трывогай. Ужо заўтра, паводле нормаў 222 указу, для іх і плацельшчыкаў адзінага падатку павінен быў скончыцца пераходны перыяд, падчас якога яны маглі рэалізаваць астаткі прадукцыі, увезенай з краін Мытнага саюза без суправаджальных дакументаў.

Прадпрымальнікі, спасылаючыся на няпростую сітуацыю, якая склалася на валютна-фінансавым рынку ў канцы мінулага года і на паніжэнне пакупніцкай здольнасці, спадзяваліся атрымаць адтэрміноўку, каб паспець прадаць астаткі тавараў.

Нагадаем, 222 указ прымаўся ў разліку на тое, што ўдзельнікі Мытнага саюза будуць праводзіць узгодненыя дзеянні адносна дзейнасці ІП і ўвядзення тэхрэгламентаў. Аднак ужо ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза беларускі бізнес не ўбачыў сустрэчнага руху з боку партнёраў.

Аляксандр Калінін, старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў: "У выніку беларускія прадпрымальнікі апынуліся ў самай невыгаднай сітуацыі, таму грамадскія арганізацыі прадпрымальнікаў звярнуліся да Кіраўніка дзяржавы з просьбай прыняць новае рашэнне па парадку працы індывідуальных прадпрымальнікаў".

Прэзідэнт прадпрымальнікаў падтрымаў, бо размова ў дадзеным выпадку ідзе аб абароне нацыянальных інтарэсаў. І ўжо на тыдні, прымаючы справаздачу ўрада па бягучых эканамічных пытаннях, Аляксандр Лукашэнка даручыў неадкладна вырашыць гэтую праблему. І ў апошнія дні лютага дыялог па лініі ўлада - бізнес атрымаў прадуктыўны імпульс.

Дзмітрый Крутой, намеснік міністра эканомікі Беларусі: "Зараз нашымі экспертамі адпрацоўваецца разам з бізнес-саюзамі, з прадстаўнікамі бізнес-саюзаў і бізнес-асацыяцый праект канчатковага нарматыўна-прававога акта, які ўрэгулюе дадзеную праблему".

Аляксандр Калінін, старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў: "Ідзе актыўны дыялог з урадам, успрынятая наша просьба аб прыпыненні любых кантрольных дзеянняў да выпрацоўкі новага парадку гандлю індывідуальных прадпрымальнікаў".

Такім чынам, галоўны пасыл. "Праблемы першага сакавіка" ў гэты момант ужо няма. І бок "іпэшнікаў", і прадстаўнік Мінэканомікі спяшаюцца супакоіць прадпрымальнікаў.

Аляксандр Калінін, старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў: "Працуйце спакойна, гандлюйце. Нейкіх кантрольных мерапрыемстваў  у найбліжэйшы час да выпрацоўкі новага парадку не будзе, дыялог ідзе актыўна, і рашэнне будзе прынята з улікам інтарэсаў бізнесу".

Зараз аб дакуменце. Гэта будзе абсалютна новы прававы акт, у якім максімальна ўлічаць інтарэсы бізнесу. У праекце дакумента пастараюцца канчаткова выпрацаваць механізм па легалізаванні астаткаў тавараў, адзіны алгарытм дзеянняў кантралюючых органаў, а таксама ўзгадніць з бізнесам шэраг іншых пазіцый. Нормы ранейшых дакументаў, у выпадку калі яны ўсіх задаволяць, стануць часткай новага дакумента. Для экспертаў выхадных не будзе. Праца ідзе сёння і будзе працягнутая заўтра. У пачатку тыдня тэкст дакумента паступіць ва ўрад.