Праблемы АПК, кадры, зарплаты і перспектывы. Прынцыповая размова ў Прэзідэнта

28 января 2020
Вялікая нарада Прэзідэнта па развіцці АПК Віцебскай вобласці, якая адбылася яшчэ ў канцы лістапада, па сутнасці, стала пунктам адліку для працы прынцыпова новай якасці. Шэраг прадпрыемстваў, якія апынуліся ў вельмі няпростых фінансавых умовах, патрабавалі тэрміновых і рашучых дзеянняў. І вось сёння падалі распрацаваны рэцэпт развіцця. Галоўнае пытанне - даўгі. Менавіта яны цягнуць уніз усю сферу. Прынцыповая пазіцыя Прэзідэнта - спісанняў не будзе. Так, будуць умовы для таго, каб можна было зарабіць рэальныя грошы і выйсці на больш высокі ўзровень. Тут  і зарплата, і ўмовы працы і жыцця ў цэлым. Рэкамендацыя нумар адзін - усе сілы кінуць на сапраўды прыбытковы мяса-малочны сектар. 

У маштабах краіны АПК зарабляе больш, чым IT. Таму і такая пільная ўвага да праблем і людзей зямлі. Бо зусім хутка  новы сезон вялікіх палявых работ. 

Як асобна ўзятая вобласць шукае аптымальны падыход і рацыянальнае зерне для будучага ўраджаю, распавядзе Наталля Брэвус. 

Будучыня агракомплексу Віцебскага рэгіёна


Пару-тройку гадоў таму пра малако экстра-класа ў гаспадарцы "Мнюта" маглі толькі марыць. Сёння амаль 100 % атрымліваюць менавіта такое. Падцягнулі якасць. Усё дзякуючы новаму падыходу і тэхналогіям: кожная карова зараз чыпавана - інфармацыя пра жывёліну як на далоні. 

Прыкметныя зрухі адбыліся ў гаспадарцы адразу пасля таго, як яна стала часткай Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры. Груз праблем - ад дэфіцыту абароту да кадравага голаду - пад надзейным крылом вытрымаць лягчэй. Каб вырашыць складанасці ў аграрнай сферы паўночнага рэгіёна, некалькі гадоў таму былі створаныя холдынгі, якія аб'ядноўваюць гаспадаркі, камбікормавыя заводы, птушкафабрыкі, перапрацоўшчыкаў. Гэта, па сутнасці, "гаспадарскі кулак", у якім трымаецца ўвесь ланцужок  ад поля да прылаўка. Так, тады для многіх  з тых, хто адставаў,   гэта стала выратавальным колам, але што далей? 

Разабраць кучу праблем АПК Віцебскага рэгіёна - такім было даручэнне Прэзідэнта. Эмацыянальна гаварылі пра гэта на вялікай нарадзе 2 месяцы таму. Не менш эмацыянальная размова атрымалася і сёння - зразумела, датычыцца шматлікіх прадпрыемстваў і людзей. І тады, і зараз Аляксандр Лукашэнка быў катэгарычны - трэба ісці ад зямлі, без пустых надбудоў, прапаноўваць рашэнні, якія дапамогуць наяўным інтэграцыйным структурам у рэгіёне працаваць эфектыўна.

Нарада ў Прэзідэнта: як вяртаць даўгі і дзе браць кадры


З першых хвілін зразумела, што забалбатаць Прэзідэнта чыноўнікам не ўдасца. Былі канкрэтныя даручэнні - па аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў, па зарплатах, па кадрах, але калі і зараз прапанаваць могуць толькі чарговую дозу дзяржпадтрымкі,  так справа не пойдзе (відэа). 

Праблемныя пункты АПК Віцебскага рэгіёна 


Чаму менавіта Віцебская вобласць пад такой пільнай увагай? Дынаміка рэгіёна не радуе, вечна адстае і па ўраджаі, і па зарплаце. Шмат стратных арганізацый. Таму і рашэнне Прэзідэнта дапрацаваць курс аздараўлення было вельмі своечасовым. Мала таго што і іншым гэты вопыт можа быць дарэчы, дык гэта яшчэ і магчымасць па-новаму зірнуць на вобласць крытычнага земляробства (менавіта так гавораць пра рэгіён) (відэа). 

Сыравінная бяспека прадпрыемстваў Віцебскага рэгіёна 


Прапануюць, напрыклад,  аб'яднаць гаспадаркі ў сыравінныя зоны для ключавых прадпрыемстваў перапрацоўкі. Яны зараз часта не могуць цалкам загрузіць магутнасці. А гэта цягне ўніз экспартны патэнцыял усяго рэгіёна. 

На сабе гэта адчуў Глыбоцкі мясакамбінат - яго сыравінныя крыніцы знаходзяцца ў сямі раёнах Віцебскай вобласці. Бесперабойныя пастаўкі важныя для завода. Яны ў тым ліку  дазволілі нядаўна асвоіць рынак Казахстана. Там сёння на ўра ідуць паўфабрыкаты ў вакуумнай упакоўцы. 


Адказнасць перапрацоўшчыкаў за развіццё сельгаспрадпрыемстваў 

Калі ланцужок наладжаны і працуе - можна разлічваць на стабільны прыбытак, а значыць і зарплату,  і, што не менш важна,  развіццё. 

Моцныя галаўныя прадпрыемствы могуць падставіць плячо, але калі самі гаспадаркі не возьмуцца за розум, не паднаціснуць, то   наўрад ці  варта разлічваць на добры вынік (відэа). 

Урад прапаноўвае зрабіць "тэхнічную расчыстку" балансаў прадпрыемстваў


Дыхаць вольна аграсектару рэгіёна не дае сур'ёзны цяжар даўгоў,  а там назапасілася пад тры мільярды рублёў. Відавочна, што калі тэхнічна расчысціць баланс прадпрыемстваў, ім будзе лягчэй. Глядзелі розныя варыянты - што рабіць з запазычанасцю? Прэзідэнт уважліва выслухаў розныя пазіцыі - урад, кантралёры і Адміністрацыя Прэзідэнта разышліся ў поглядах. Патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі адно: ніякіх лішніх структур - гэта ў рэчышчы палітыкі аптымізацыі і што яшчэ важней: забываць пра даўгі не збіраюцца! Грошы, жадаеш не жадаеш, але прыйдзецца вяртаць (відэа).
 

Патрабаванне Прэзідэнта: так альбо інакш, грошы павінны быць вернутыя


Ну чым не мара кіраўніка - ужо заўтра пачаць працаваць з новага ліста - на месцах яшчэ і дзякуй скажуць за чыстую крэдытную гісторыю. Але акцэнт ад Прэзідэнта гучыць проста - развіццё кожнага прадпрыемства - гэта яшчэ і зона асабістай адказнасці мясцовых кіраўнікоў (відэа). 

Кадравая палітыка


Пра тое, што акрамя фінансавых пытанняў і дыктату тэхналогій, важныя і кадры, паўтараючы адзін аднаму гаварылі і віцэ-прэм'ер, які курыруе АПК, і профільны міністр. Не крытычна, але недахоп спецыялістаў на вёсцы  адчуваецца. 

Дзяржава падставіць плячо для забеспячэння жыллём маладых аграрыяў


Тым, хто гатовы працаваць на вёсцы, не перашкодзіць  дадатковая матывацыя. Улада гэта разумее  і, акрамя  падтрымкі па жыллі,  абяцае падумаць над бонусамі. Напрыклад, маладым аграрыям могуць прапанаваць замяніць тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве. 

Пакуль гэта гучала як прапанова, якую трэба дадаткова абмеркаваць. Але ў цэлым зразумела, што застою ў вобласці, у падыходах на вёсцы - не будзе!  (відэа).

Прэзідэнт: Віцебскую вобласць "трэба разварушыць". Прэзідэнт даў два тыдні на дапрацоўку ўказа 


Такім чынам, вынік размовы - прапанаваны Прэзідэнту ўказ, які павінен паспрыяць развіццю аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці - трэба дапрацаваць. 

Будучыня агракомплекса Віцебскага рэгіёна 


Для віцебскага губернатара - так і выказаўся Прэзідэнт - выхад на ўстойлівасць у агарным сектары стане галоўным экзаменам жыцця. Але не толькі ён - усе кіраўнікі ўрада і рэгіянальныя кіраўнікі  разыходзіліся  пасля гэтай размовы крыху збянтэжанымі. Бо стала зразумела, што вось так папросту скінуць пазыковы час не атрымаецца, як і груз адказнасці за развіццё вёскі. Вось такое гарачае аграрнае міжсезонне.