Прэстыж айчынных таваравытворцаў

13 мая 2015

Пытанне ўжо ў макраэканамічных маштабах: чым прастымуляваць прадпрыемства, арыентаванае на экспарт, і як падняць попыт і прэстыж айчынных таваравытворцаў на сусветным рынку? І адказ на яго: лепшых экспарцёраў 2014 года сярод айчынных прадпрыемстваў прыватнай і дзяржаўнай форм уласнасці назавуць па выніках рэспубліканскага конкурсу. Пра намінацыі і суіскальнікаў - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Вырабляць умеем, а вось прадаваць не заўсёды. У першым квартале года Беларусь выйшла на станоўчае сальда знешняга гандлю, але пры гэтым экспарт скараціўся больш як на 20%. Такія лічбы назваў урад. Дадаваць тут - прыярытэт. Бо большасць нашых вытворчасцяў арыентавана як раз на знешні рынак. Пры гэтым многія бачаць толькі расійскі. У выніку фінансавая нестабільнасць у канцы мінулага года істотна стукнула па кашальках нашых прадпрыемстваў.

Адлегласць тут не перашкода. Азія, Афрыка, Амерыка могуць і паступова становяцца нашымі пакупнікамі. Час, калі працавалі па старых звычаях, прайшоў. Зараз шануюцца крэатыўныя ідэі. Бо маркетынг, які кульгае, выліваецца ў мільённыя страты прадпрыемства.

Вялізная канкурэнцыя на знешніх рынках павінна толькі падганяць. Каб знайсці сваю нішу, умець хутка арыентавацца, і калі трэба, пераходзіць на новую вытворчасць. Тым самым не губляць рынкі. А наадварот, знаходзіць новыя. Здавалася б, зразумелыя складальнікі поспеху. Але вось асвоіць іх удаецца не ўсім.

Тых, у каго гэта атрымліваецца лепш за іншых, кожны год ушаноўваюць на конкурсе "Лепшы экспарцёр года". Самі арганізатары мерапрыемства завуць іміджавым.

Перамагчы тут прэстыжна. За 20 гадоў конкурс не губляе актуальнасці. Больш як 120 суіскальнікаў: прыватнікі і дзяржпрадпрыемствы, малы бізнес. У выніку 20 пераможцаў, па адным у кожнай намінацыі.

Таксама будуць ушаноўваць лідараў у машынабудаванні, нафтаперапрацоўцы, электроніцы, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, транспарце і лагістыцы. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Лепшы экспарцёр года" пройдзе ўжо заўтра.