Папярэднія вынікі працы місіі SEED

20 января 2017

Беларусь у поўнай меры ўсведамляе адказнасць за бяспеку АЭС, якая будуецца, і ўлічыла ўсе знешнія пагрозы пры праектаванні станцыі. З такой заявай выступіў кіраўнік Дэпартамента па ядзернай бяспецы МАГАТЭ. Сёння падвялі папярэднія вынікі працы так званай місіі SEED. На працягу тыдня яна займалася ацэнкай устойлівасці Астравецкай пляцоўкі і сістэм БелАЭС, у тым ліку з улікам постфукусімскага вопыту. Падрабязна аб папярэдніх высновах экспертаў МАГАТЭ - Юрый Казлоў.

Супрацоўніцтва з ацэначнымі місіямі МАГАТЭ - добраахвотны крок дзяржавы, якая будуе АЭС. Запрашэнне місіі SEED - яна займаецца ацэнкай устойлівасці Астравецкай пляцоўкі і сістэм БелАЭС - наша краіна накіравала загадзя яшчэ некалькі гадоў таму. Сёння экcперты місіі - яны працавалі ў Беларусі з пачатку тыдня - агучылі папярэднія вынікі сваёй працы.

Усяго спецыялісты SEED-місіі працавалі па некалькіх кірунках - ад даследавання ўздзеяння знешніх фактараў да вывучэння праектных параметраў Астравецкай пляцоўкі.

Ія Малкіна, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Разглядаліся пытанні як прыроднага, так і тэхнагеннага характару. Што тычыцца розных прыродных з'яў, якія могуць аказаць уплыў на бяспеку аб'екта, што будуецца, то разглядалася ўздзеянне такіх з'яў, як моцныя вятры, паводка і інш".

Галоўная выснова спецыялістаў МАГАТЭ - Беларусь у поўнай меры ўсведамляе адказнасць за бяспеку станцыі, што будуецца, і ўлічвае ўсе фактары, якія могуць паўплываць на яе працу.

Гжэгаш Ржэнткоўскі, кіраўнік Дэпартамента па ядзернай бяспецы МАГАТЭ: "У рамках прадмета працы дадзенай місіі МАГАТЭ прыйшлі да высновы, што ў працэсе праектавання станцыі беларускія ўлады належным чынам прынялі да ўвагі ўсе знешнія фактары, якія могуць уяўляць пагрозу БелАЭС. Наша місія таксама зрабіла шэраг прапаноў, што тычыліся падрыхтоўкі да наступнага этапу ліцэнзавання Беларускай АЭС".

Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі Беларусі: "Ядзерная бяспека для нас - галоўны прыярытэт. Паралельна з місіяй SEED у Астраўцы праходзіць семінар МАГАТЭ па пытаннях абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам. Гендырэктар МАГАТЭ Юкіа Амана, які двойчы наведваў нашу краіну, адзначыў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і МАГАТЭ праходзіць у інтэнсіўным рэжыме".

Выніковы даклад місіі SEED павінен быць падрыхтаваны на працягу 90 дзён. Але ўлічваючы цікавасць да станцыі, у тым ліку з боку замежных партнёраў нашай краіны, дакумент можа быць перададзены ўладам нашай краіны раней - ужо ў сакавіку. Дарэчы, Беларусь мае намер апублікаваць даклад SEED-місіі ў адкрытым доступе. Так паступаюць далёка не ўсе краіны, і эксперты МАГАТЭ прывіталі гэты крок.

Блок пытанняў на выніковай прэс-канферэнцыі спецыялістаў МАГАТЭ быў прысвечаны пазіцыі афіцыйнага Вільнюса. Яшчэ да завяршэння працы SEED-місіі кіраўнік літоўскага МЗС заявіў, што яе склад з'яўляецца няпоўным, як і ацэнка пляцоўкі. Што тычыцца складу дэлегацыі МАГАТЭ, то спецыялісты растлумачылі, што ён быў вызначаны ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных структур, атрыманымі яшчэ некалькі гадоў таму.

А Гжэгаш Ржэнткоўскі распавёў аб рэальным маштабе праведзеных на Астравецкай пляцоўцы работ, адзначыўшы, што з такімі эмоцыямі МАГАТЭ сутыкаецца ледзь ці не ўпершыню.

Гжэгаш Ржэнткоўскі, кіраўнік Дэпартамента па ядзернай бяспецы МАГАТЭ: "У дадзеным канкрэтным выпадку мы засяроджваліся на пяці асноўных тэхнічных задачах, што тычацца скрынінгу знешніх уздзеянняў, характарыстыкі знешніх уздзеянняў як прыроднага, так і тэхнагеннага характару. Мы таксама вывучалі праектныя параметры пляцоўкі і ацэньвалі забеспячэнне маніторынгу пляцоўкі і навакольнага асяроддзя. Таксама мы абмеркавалі шэраг спецыяльных пытанняў, што тычацца ўрокаў, вынесеных з аварыі на японскай АЭС Фукусіма".

Дарэчы, дыялог паміж Мінскам і Вільнюсам па пытаннях будаўніцтва БелАЭС працягваецца. Бакі ўжо правялі два раўнды экспертных кансультацый. У найбліжэйшы час адбудзецца трэці. Беларусь гатовая прадэманстраваць беспрэцэдэнтную адкрытасць і прапанаваць Літве праводзіць сумесны кантроль ядзерных аб'ектаў, размешчаных у дзвюх краінах, заявіла намеснік міністра прыроды Ія Малкіна. Што тычыцца ходу будаўніцтва станцыі, то зараз на БелАЭС рыхтуюцца да мантажу рэактара. Тэхнічнае рашэнне па яго прымяненні ў першым энергаблоку ўжо падрыхтавана і ўзгоднена. Пастаўка ядзернага паліва на аб'ект прызначана на канец 2018 года.