Прадпрыемствы Мінскай вобласці пераходзяць да паглыбленай перапрацоўкі другаснай сыравіны

18 августа 2016

Бегавыя дарожкі робяць са старой гумы, сшыткі - з непатрэбных часопісаў, а бытавую тэхніку - з батарэек. Пры гэтым цана і якасць будучай прадукцыі залежаць і ад правільнага сартавання пластыку, шкла, макулатуры. Такім чынам, у Мядзельскім раёне за паасобную здачу другаснай сыравіны жыхары атрымліваюць скідкі на аплату камунальных паслуг. Як перапрацоўка аздараўлівае не толькі экалогію, але і эканоміку, раскажа Ян Пашкевіч.

Пустыя пластыкавыя бутэлькі, учарашнія часопісы і кардонкі – у Міхаіла Рабчыкава нішто не ператвараецца ў смецце. Паасобным зборам старой паперы, шкла і пластыку мужчына заняўся менш як год таму, калі мясцовая ЖКГ прапанавала насельніцтву абменьваць другасную сыравіну на скідкі за камунальныя плацяжы.

Пры гэтым пры запісе ў залік камунальных паслуг другасная сыравіна становіцца больш каштоўная. Напрыклад, абмяняць 1 кілаграм макулатуры можна на 8 капеек грошамі або атрымаць скідку на аплату камуналкі, толькі ужо 10 капеек. Усяго за 7 месяцаў пілотнага праекта насельніцтва здало на перапрацоўку больш за 40 тон другасных рэсурсаў.

Пасля яшчэ нядаўняе смецце трапляе на розныя вытворчасці, дзе ператвараецца ў якасны і танны прадукт. На Барысаўскай папяровай фабрыцы год таму ўсталявалі сучасную лінію па перапрацоўцы макулатуры. У вялікім блендары папера змешваецца з вадой і літаральна расшчапляецца на атамы – мікраскапічныя валокны.

Такая вадкасць праходзіць праз некалькі фільтраў, дзе ад яе аддзяляецца скотч, металічныя сашчэпкі. Потым валокны зноў пераплятаюцца ў адзінае беласнежнае палатно.

Такі "папяровы кактэйль" трапляе на канвеерную стужку, дзе з яго спецыяльная тэхніка выпампоўвае усю вадкасць і папера зноў становіцца шчыльнай і цвёрдай.

Пры гэтым, калі амаль са 100 дрэў атрымліваецца тона паперы, то ў выпадку з макулатурай суадносіны становяцца роўнымі - амаль адзін да аднаго. Вырабленыя ж з другаснай сыравіны сшыткі, блакноты, офісная папера не страчваюць у якасці, а толькі ў цане.

Усяго на прадпрыемстве з макулатуры атрымліваюць звыш 30% паперы. Пры гэтым прадукцыю накіроўваюць не толькі ў беларускія магазіны - зробленыя з экапаперы сшыткі і блакноты з'яўляюцца на вітрынах у Расіі, Туркменістане, Таджыкістане.

Усяго ж летась у Мінскай вобласці сабралі амаль 5 мільёнаў тон другаснай сыравіны. І калі адходы вытворчасці прадпрыемстваў перапрацоўваюцца больш чым на 90%, то сярод насельніцтва гэты паказчык не перавышае 15%. Па словах спецыялістаў, непаасобны збор другасных рэсурсаў не дазваляе пусціць іх у перапрацоўку і тым самым ператварае карысны матэрыял у звычайнае смецце, без шансу на другое жыццё.