Прадпрыемствы і фермеры актыўна ліквідуюць наступствы засухі

17 июня 2019

Які ўраджай збяром увосень - у гэтыя дні шмат у чым залежыць ад надвор'я. А яно, на жаль, стварае дадатковыя праблемы аграрыям. Больш за ўсё пакутуюць паўднёва-ўсходнія і цэнтральныя раёны краіны. Сотні гектараў  высахлі, адстаюць у развіцці караняплоды і гародніна. Праўда, ураджай садавіны  чакаецца нядрэнны. Прадпрыемствы і фермеры актыўна ўхіляюць наступствы засухі. Як ратуюць пасевы,  убачыў Юрый Карняловіч

Інжынер меліярацыйных сістэм Віктар Сняжко свае шлюзы аб'язджае штодня. У гарачае надвор'е, прызнаецца, працы дадалося. Трэба сачыць, каб каналы былі напоўненыя вадой. Ад гэтага залежыць ураджайнасць суседніх палёў.

Віктар Сняжко, галоўны інжынер Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм: "Сёлета з вясны толькі тры дажджы прайшлі. Ну а тут вада ў нас ёсць, трымаецца. Ураджайнасць таксама,  я думаю, нармальная будзе. Працуем разам з гаспадаркамі па просьбе гаспадарак, трымаем сувязь і  адкрываем, калі трэба, па просьбе закрываем".

У сельгаспрадпрыемстве "Дзямброва" на спякоту не скардзяцца. Большая  частка ўгоддзяў размяшчаецца на асушаных балотах і меліярацыйныя каналы дапамагаюць падтрымліваць неабходную колькасць вільгаці. Клапоцяцца тут і пра ўмовы працы аграрыяў. Бо калі сонца паліць, то і ў кабіне трактара слупок тэрмометра зашкальвае.

У гарачае надвор'е працаваць на такой тэхніцы практычна немагчыма. Калі на вуліцы тэмпература плюс 30, у кабіне яна даходзіць да 50-ці градусаў. У гаспадарцы знайшлі выхад з сітуацыі - усталявалі кандыцыянеры.

У палях штодня больш за дзясятак  трактароў. Усе яны задзейнічаныя на нарыхтоўцы кармоў. Плюс, для кожнага механізатара прыемныя бонусы  ў спякоту.

Наталля Ціцяк, старшыня прафкама ААТ "Дзямброва": "У нас працаўнікі забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем. Для таго каб было ім камфортней пераносіць гэтую спякоту, замест супу мы, да прыкладу, падаём халаднік. Кожны працаўнік, выязджаючы ў поле, атрымлівае пітную ваду".

Анамальная спякота ў апошнія тыдні ўсё-такі ўнесла свае карэктывы ў прагнозы на ўраджай. У Шчучынскім раёне некаторыя палі пшаніцы і ячменю прыйдзецца скасіць і закласці на фураж.

Анатоль Тодрык, намстаршыні Шчучынскага райвыканкама: "Ідзе зараз абследаванне палёў. У цэлым па раёне ў нас дзесьці парадку 5 % ёсць ужо палі, якія адстаюць у развіцці, фаза развіцця не тая. Гэта з-за таго, што ў нас няма той эфектыўнай вільгаці, якую мы павінны былі атрымаць".

Сітуацыю на палях манітораць і навукоўцы. Асаблівая ўвага да культур, якія любяць  вільгаць, - гэта пшаніца, жыта і трыцікале. А найбольш  устойлівыя да такіх умоў - проса і кукуруза. Аднак і гэтыя віды страчваюць  свае ўласцівасці ў спякоту. Хоць і не ўсе культуры здольныя адаптавацца да экстрэмальнай засухі, навукоўцы працуюць над павышэннем вынослівасці раслін. 

Дзмітрый Лужынскі, намеснік гендырэктара НПЦ па земляробстве НАН Беларусі: "Адбор устойлівых форм, ён перспектыўны. Але гэта вельмі працяглы працэс. І, вядома, працуючы з селекцыйнымі праграмамі па нашых асноўных культурах, мы на фоне такіх  умоў надвор’я адбіраем генатыпы, якія нават у такіх умовах здольныя даваць больш-менш  прымальны ўраджай".

А ў гэтай гаспадарцы спякоце толькі рады. На ферме пад Брэстам грушы ўжо памерам са сліву. Звычайна такіх памераў  яны вырастаюць толькі да ліпеня. Дрэвы прывезлі з Казахстана і яны выдатна прыжыліся ў мясцовым клімаце. Чым больш сонца і цяпла - тым лепш.

Усяго на ферме Ірыны расце 17 гектараў садавіны. У засуху кропельны паліў неабходны толькі высадкам. За дарослымі  дрэвамі догляд  практычна не патрэбен.

Ірына Кутавенка, фермер: "Па-першае, гатунак добра прыжыўся, дзякуючы нашаму клімату - зараз ужо гарачаму. Потым - глеба. Менавіта на гэтай мясцовасці суглінак. І калі пройдзе вялікі дождж, гэтай вільгаці хапае".

Прагнозы сіноптыкаў не даюць узяць тайм-аўт аграрыям. У найбліжэйшыя дні высокая тэмпература захаваецца. Але чакаюцца ліўні і навальніцы. На іх аграрыі ўскладаюць вялікія надзеі.