Падведзены першыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна за два месяцы

18 июля 2017

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Аршанскага раёна, тэмпы росту прамысловасці і будаўніцтва, разгрузка складоў і выплата своечасова зарплаты.

Пра гэта сёння гаварылі на пасяджэнні прэзідыума Саўміна. Поўная перазагрузка гэтых тэрыторый - прамое даручэнне Прэзідэнта. Два месяцы таму быў прыняты план дзеянняў, дзе ў аснову пакладзена мадэрнізацыя буйных прадпрыемстваў, пошук інвестараў і распрацоўка бізнес-планаў.

Сёння падвялі першыя вынікі. Тэмпы паступова аднаўляе прамысловасць. Колькасць стратных прадпрыемстваў скарацілася, хоць і не на шмат. Зарплату атрымліваюць без затрымак, ад гэтага бачны рост і рознічнага тавараабароту. Сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Як прыклад - інструментальны завод.

Віталь Воўк, Міністр прамысловасці Беларусі: "Сёння ўжо пачалася праца па аднаўленні даху на Аршанскім інструментальным заводзе, ліквідаваны ўсе даўгі па заработнай плаце. Міністэрства прамысловасці давяло ўзровень сваіх заказаў да 35 %, шукаем розныя варыянты загрузкі, прыводзім у адпаведнасць тэхналагічныя працэсы. Разглядаем інвестыцыйны праект развіцця завода на найбліжэйшыя 3-5 гадоў".

Падрыхтаваны праект распараджэння Прэзідэнта. Так, для чатырох праблемных прадпрыемстваў Мінпрама ў Оршы адмяняюцца павышальныя каэфіцыенты да ставак па падатках на зямлю і нерухомасць. Дакумент чакаюць ужо ў найбліжэйшы час. Рыхтуюцца і праграмы на сярэднетэрміновую перспектыву рэгіёна - да 2020 года.