Пад Маладзечна фермеры збіраюць да 50 кілаграмаў яблыкаў з дрэва

17 сентября 2015

Ад слівавых садоў да дыневых плантацый. У Мінскай вобласці павялічваюць плошчы для вырошчвання сельскагаспадарчых культур ў прамысловых маштабах. Усё актыўней нарыхтоўваюць і маліну, і яблыкі. Сухая вясна і спякотнае лета паўплывалі на вагу ўраджаю. Але ў гаспадарцы пад Маладзечна неспрыяльнае надвор’е не парушыла планы па нарыхтоўцы наліўных. Тут з дрэва фермеры збіраюць да 50 кілаграмаў яблыкаў. Сакрэт добрага ўраджаю - у Аляксандры Драгун.

З дрэва да паўсотні кілаграмаў яблыкаў… Сёлетні ўраджай у Ігара Абрамчыка на дзіва багаты. Засушлівая вясна і лета не паўплывалі на якасць наліўных. Гаспадар кажа, пашанцавала з глебай - перш чым пасадзіць сад 40 тысяч дрэў, яе добра апрацавалі і ўзбагацілі.

Такую “ювелірную справу” Іван Кісель асвоіў без цяжкасці. Як па струнцы працуе ў яблыневым садзе. Мужчына прывык да дысцыпліны і адказнасці… да пенсіі кіраваў ваенным аркестрам, таму прытрымліваецца такога ж парадку і на сезоннай працы.

“Беларускае салодкае”, “Імрус”, “Аўксіс”… гэта восеньскія сарты наліўных, з якіх пачынаюцца “зажынкі на яблычным полі”. Але вага ўраджаю ў іх розная, як колер і памеры пладоў.

Між зграбных радоў курсіруе вось такі міні-трактар. Збірае ў кузаў мядовыя плады, а затым дастаўляе іх да фуры. Там яблыкамі напаўняюць драўляныя скрыні і вязуць у камеру захоўвання за 5 кіламетраў.

Сёння ў засеках больш за 100 тон. Сартуюць плады ў залежнасці ад памеру і віду. Напрыклад, нестандартныя велізарныя яблыкі ідуць на продаж, а звычайных памераў - у дзіцячыя садкі і школы.

Фермеры Мінскай вобласці ў апошні час робяць стаўку і на вырошчванне кавуноў, дынь. У прамысловых маштабах займаюцца вінаградам, вішняй і слівай.

У цэнтральным рэгіёне некаторыя фермеры вырошчваюць маліну ў прамысловых мэтах. Сёлета і ў гэтай гаспадарцы рызыкнулі засеяць ягадай два гектары. І не пралічыліся. Тры разы на тыдзень збіраюць ураджай, які затым дастаўляюць у гандлёвыя сеткі краіны.

Зараз у вобласці ідзе нарыхтоўка і пладоваагародніннай прадукцыі. Закладваюцца ў сховішча капуста, морква, сталовы гарошак і буракі. Гаспадаркі актыўна ўбіраюць бульбу.

З гэтых выхадных у Мінску пачынаецца сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. Тое, што вырасла на градках і ў садзе, будуць прадаваць ля “Чыжоўка-Арэны”. Акрамя гэтага агародніну і садавіну можна будзе набыць і ля дома. У кожным раёне сталіцы міні-кірмашы размесцяцца ў дварах.