Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў Шчучын

6 марта 2019

Прывабны інвестклімат і стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў. Сёння Шчучынскі раён - адзін з эканамічна развітых у Гродзенскай вобласці. Штогод тут адкрываюцца дзве-тры буйныя кампаніі з прыватным капіталам, у тым ліку і замежным. Такая палітыка мясцовых улад цалкам вырашыла праблему беспрацоўя ў рэгіёне. Беспрацоўнымі тут лічацца каля 50 чалавек, а патрэбнасць у кадрах - у дзясяткі разоў большая. Многія прадпрыемствы нават арганізавалі дастаўку работнікаў з суседніх раёнаў. Пра гэта ішла размова падчас наведвання Шчучына першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максімам Рыжанковым.

Максім Рыжанкоў, першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:

"Тут як раз рэалізуецца тая ідэя ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, пра якую мы шмат гаворым. Прадукцыя, якая сёння вырабляецца ў Шчучыне, даходзіць нават да Японіі, да Кітая, да Паўднёвай Амерыкі, да шматлікіх еўрапейскіх краін. Гэта таксама паказчык якасці прадукцыі".

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі таксама сустрэўся з калектывам шчучынскага завода "Аўтапровад". Тут абмяркоўвалася развіццё раёна ад сацыяльнай сферы да турызму.