Перспектывы беларуска-латвійскага супрацоўніцтва абмяркоўваюць у Мінску

25 июля 2019

Перспектывы беларуска-латвійскага супрацоўніцтва абмяркоўваюць у Мінску падчас візіту міністра замежных спраў Латвіі Эдгара Рынкевіча. На сустрэчы ў Савеце Міністраў  бакі пацвердзілі зацікаўленасць у паглыбленні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. На кастрычнік у беларускай сталіцы запланавана чарговае пасяджэнне міжурадавай камісіі дзвюх краін. Уладзімір Макей адзначыў ролю Латвіі ў наладжванні дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам - асабліва ў частцы здымання санкцый.

Уладзімір Макей,  Міністр замежных спраў Беларусі: "Як вядома, Беларусь не імкнецца быць членам Еўрапейскага саюза. Але мы хочам быць добрымі і надзейнымі суседзямі, хочам развіваць нармальныя гандлёва-эканамічныя кантакты з Еўрапейскім саюзам, які з'яўляецца другім значным гандлёва-эканамічным партнёрам для Беларусі. Даўно наспела неабходнасць заключэння базавай дамовы паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, таму мы разлічваем на падтрымку нашых латвійскіх сяброў у рашэнні гэтага і іншых ключавых пытанняў у беларуска-еўрапейскіх адносінах, у тым ліку і такіх як падпісанне прыярытэтаў партнёрства".

Латвія традыцыйна ўваходзіць у спіс асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. У апошнія гады добрая тэндэнцыя ў росце тавараабароту. У 2018 ён перавысіў 580 мільёнаў долараў. Паспяхова рэалізуюцца планы ў сферах лагістыкі і медыцыны. Плюс праект па біяметрычных пашпартах. Беларусь таксама прапаноўвае небывалыя ўмовы для развіцця бізнесу ў Парку высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".