Асноўныя задачы АПК Беларусі прагучалі на адкрыцці Белагра

4 июня 2019

Беларусь разлічвае вырашаць праблемы пры пастаўках сельгаспрадукцыі ў Расію да ўвядзення абмежаванняў. Пра гэта на адкрыцці выставы "Белагра" заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Дворнік. Беларускі бок імкнецца абмяркоўваць праблемныя пытанні і прымаць меры своечасова. Сёння краіна максімальна развівае экспарт, пастаўляе тавары больш як у 80 краін і зацікаўленая як у традыцыйных партнёрах, так і ў новых рынках. Штогод экспарт расце, і па выніках першага квартала ён ужо перавысіў леташнія паказчыкі.

Уладзімір Дворнік, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Часовыя абмежаванні, якія ўводзяцца, не носяць сістэмнага характару, які б уплываў на развіццё сельскагаспадарчага патэнцыялу краіны. Калі нейкія праблемы ўзнікаюць, мы імкнемся ўзаемна ўрэгуляваць усе пытанні і наладзіць адносіны. Лічу, што мы знойдзем разуменне, якое дасць магчымасць нармальна, па-партнёрску працаваць і экспартаваць сельгаспрадукцыю ў адпаведнасці з дарожнай картай".

Міжнародную спецыялізаваную выставу "Белагра" наведаюць дэлегацыі амаль з 30 краін. Замежныя партнёры азнаёмяцца з дасягненнямі беларускай сельскагаспадарчай вытворчасці. На выставе паказаная прадукцыя перапрацоўчай прамысловасці, тэхнічны і тэхналагічны патэнцыял аграрнай галіны. У цэлым АПК дэманструе дадатную дынаміку развіцця: створана каля паўтары тысячы аграгарадкоў, пабудавана 52 тыс. жылых дамоў на сяле.