Аптымізацыя дыпламатычных місій завершана

8 июля 2013

Беларусь ідзе на перспектыўныя рынкі. Гэта сёння заявіў Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, адкрываючы ў Мінску семінар кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі. На штогадовую вучобу з'ехаліся беларускія паслы і консулы з уіх куткоў планеты. Экспарт, інвестыцыі, транзіт. У пасольскім спісе актуальных тэм ёсць і разгрузка складоў.


Падрабязнасці ў Сяргея Хамянтоўскага. Штогадовы семінар кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі ўжо традыцыя, якой нямала гадоў. Беларускія паслы і консулы злятаюцца ў Мінск, каб адчуць, чым дыхае Радзіма.


Задачы кіраўніцтва краіны па прыцягненні інвестыцый і нарошчванні экспарту пакуль не выконваюцца. Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у пачатку пасольскай вучобы расставіў усе кропкі над і. Караць вінаватых міністр не стаў. Прапанаваў у праблемах разабрацца і паспрабаваць іх вырашыць.


Будуць перамены. Завершана аптымізацыя дыпмісій. Пад карэкціроўку трапіла і структура цэнтральнага апарата Міністэрства замежных спраў - у карысць рэгіёнаў найбольш перспектыўных з пункта погляду знешняга гандлю. Паўднёва-Усходняя Азія адзін з іх. Месца на маладых рынках рэгіёну ёсць. Вось Лаос, наш экспарт у гэтую краіну павялічыўся ў 36 разоў.


З В'етнамам ідзе праца над пагадненнем аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам.


Экспарт і інвестыцыі ў спісе актуальных тэм штогадовага семінара кіраўнікоў дыппрадстаўніцтваў Беларусі. Дыпламаты прапануюць свае шляхі рашэння задач. Абмяркуюць і разгрузку складоў беларускіх прадпрыемстваў.


Традыцыйную вучобу паслоў разнастаяць і зробяць цікавай. На працягу пяці дзён дыпламатаў чакаюць сустрэчы з бізнесменамі, міністрамі, дырэктарамі кампаній-экспарцёраў. Асаблівая ўвага - удзелу Беларусі ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Чакаецца, што ў пятніцу беларускія дыпламаты сустрэнуцца са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктарам Хрысценкам.