Аб развіцці рэгіянальных брэндаў сёння будуць гаварыць у Гомелі

27 октября 2017

На бізнес-дні ў горад прыехалі прадстаўнікі больш як 20 краін. У праграме - сесіі, майстар-класы, наведванне кампаній Гомельскай вобласці. Што яшчэ будуць абмяркоўваць удзельнікі - ведае Вольга Халадовіч.

Трэці раз Гомель сустракае прадстаўнікоў дзелавых колаў з розных краін свету. В'етнам, Італія, Грузія, Кітай - прыехалі і даўнія, і патэнцыяльныя партнёры.

Бізнес-дні ў Гомелі - гэта міжнародная пляцоўка, дзе сустракаюцца кіраўнікі айчынных і замежных прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі гандлёва-прамысловых палат і дыпламатычных місій. Сёлета галоўныя тэмы дыялогу - развіццё рэгіянальных брэндаў і развіццё эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Спецыялісты таксама абмяркуюць новыя, спрошчаныя, правілы вядзення бізнесу ў Беларусі.

Марына Філонава, гендырэктар Гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Гэта такая кантактна-кааперацыйная біржа, пасля праходжання першай сесіі пачнуцца В2В-перамовы, таму што бізнес хацеў бы гаварыць з партнёрамі, з роўнымі сабе і, вядома, з канкрэтнымі кіраўнікамі прадпрыемства, які можа і кампетэнтна адказаць на іх пытанні, і выслухаць іх прапановы".

За некалькі дзён у Гомельскім грамадска-культурным цэнтры правядуць некалькі сесій, майстар-класаў і перамоў. Таксама ў праграме мерапрыемства - наведванне прадпрыемстваў рэгіёна і ўдзел у выставе "Бізнес у рэгіёнах".

Сёлета прадстаўляць свае паслугі і прадукцыю будуць прамыслоўцы Гомельскай і Мінскай абласцей. А наведвальнікаў выставы чакаюць дэгустацыі, прэзентацыі і паказ дызайнерскага адзення.