Новы этап будаўніцтва на Беларускай АЭС

19 ноября 2014

Першую з сістэм бяспекі атамнай станцыі ўчора ўзвялі на будпляцоўцы ў Астраўцы. Да мантажу так званай пасткі расплаву актыўнай зоны рыхтаваліся тры месяцы. На думку экспертаў, пры аварыйнай сітуацыі такая сістэма дазволіць пазбегнуць выкіду шкодных рэчываў у атмасферу. Усе работы выконваюцца дакладна ў тэрмін. Разам з тым працуюць і над будаваннем другога энергаблока і іншых важных аб'ектаў. Як сёння выглядае галоўная будоўля краіны, даведаўся Аляксей Радзівонаў.


Як мінімум плюс 1 метр у вышыню ўсяго за 1 месяц. Сёння на першым энергаблоку Беларускай атамнай электрастанцыі адначасова працуюць некалькі сотняў чалавек. За тры тыдні будаўнікі манціруюць у сценкі будынка будучага рэактара ў сярэднім больш за 20000 тон арматуры. Яе, дарэчы, вырабляюць недалёка ад пляцоўкі на вытворчай базе. Сёння тут гавораць і пра пачатак абсалютна новага этапу вялікай будоўлі - у падмурак першага рэактара ўсталявалі так званую пастку расплаву актыўнай зоны.


Для ўстаноўкі адной з сістэм бяспекі на пляцоўцы Беларускай АЭС паставілі спецыяльны кран вышынёй 135 метраў і грузападымальнасцю звыш тысячы тон. Нягледзячы на тое што падрыхтоўка доўжылася тры месяцы, саму пастку расплаву актыўнай зоны ўсталявалі амаль за дзень, падняўшы яе на вышыню больш як 20 метраў і апусціўшы яе ў падмурак энергаблока. А наступным этапам будаўніцтва стане мантаж спецыяльных кансоляў, на якіх і будзе стаяць ядзерны рэактар.


Дарэчы, ноу-хау расійскіх распрацоўшчыкаў - пастка - пакуль ёсць толькі на пяці атамных станцыях свету. Пры любой няштатнай сітуацыі яна лакалізуе, а потым закансервуе шкодныя выкіды.


На некаторыя з гэтых атамных станцый ужо ў наступным годзе могуць адправіцца на стажыроўку беларускія атамшчыкі. Сёння тут як раз набіраюць персанал для станцыі. Загадзя - усё для таго, каб к моманту пуску забяспечыць АЭС высокакваліфікаванымі кадрамі. На самой жа пляцоўцы зусім хутка адкрыецца навучальна-трэніровачны цэнтр.


Анатоль Бондар, галоўны інжынер РУП Беларуская АЭС: Канчатковая падрыхтоўка будзе праводзіцца на трэнажоры поўнамаштабным Беларускай АЭС, будынак, пад які пачалі будаваць. Гэта адзін з першапачатковых аб'ектаў, які будзе ўводзіцца на пляцоўцы БелАЭС.


Паралельна з навучальным комплексам і першым энергаблокам тут будуюць і другі, а акрамя таго, - дзясяткі іншых будынкаў, якія будуць забяспечваць бесперабойную працу станцыі. Шмат увагі надаюць папяровай працы - падпісанню дамоў на пастаўку абсталявання і нават распрацоўцы навучальных планаў для будучых атамшчыкаў. Плануецца, што кожныя паўгода ў трэніровачны цэнтр з майстар-класамі будуць прыязджаць эксперты, у тым ліку і з Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі. Дарэчы, на пляцоўцы Беларускай АЭС спецыялісты МАГАТЭ ўжо былі і не раз. Наша краіна заўсёды падкрэслівае: пра бяспеку атамнай энергіі мы гатовыя шчыра гаварыць на ўсіх узроўнях.