Нацыянальны банк разлічвае ўдвая нарасціць рэсурсы Агенцтва па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў

2 октября 2017

Пра гэта сёння ў парламенце заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны. Нагадаем, агенцтва забяспечвае вяртанне дэпазітаў на выпадак форс-мажора - калі банк не ў стане разлічыцца з укладчыкам. Сёння рэсурсы агенцтва пакрываюць каля 7% укладаў ва ўсёй банкаўскай сістэме. Але, як засведчыў Тарас Надольны, гэтага дастаткова, каб задаволіць патрэбнасць пакрыцця дэпазітаў любога камерцыйнага банка. Чакаецца, што памер рэсурсаў агенцтва вырасце як мінімум да 15%.

Тарас Надольны, першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі: 

"Крыніцы сёння ёсць, для таго каб агенцтва нарошчвала рэзерв. І гэтыя крыніцы наяўныя. Штогод банкі плацяць пэўны аб'ём адлічэнняў. Плюс Нацыянальны банк, калі прымае ў дэпазіты грошы агенцтва, плаціць працэнтную стаўку, якая сёння, як стаўка рэфінансавання, вызначаная. І гэта таксама крыніца для фарміравання рэзерву агенцтва".

Сёння парламентарыі распачалі восеньскую сесію. Дэпутаты плануюць разгледзець каля 30 дакументаў. Самы вялікі блок пытанняў прысвечаны эканоміцы. Сярод іх ключавы дакумент парламенцкай восені - праект бюджэту на наступны год.