Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па факце выбуху на заводзе пад Мінскам

22 мая 2018

Здарэнне адбылося сёння раніцай на тэрыторыі цэха па вытворчасці бітумнай ізаляцыі ў вёсцы Каралёў Стан. Пацярпелі чатыры чалавекі -усе працаўнікі прадпрыемства. Трое з іх знаходзяцца ў бальніцы, двое - з вельмі цяжкімі апёкамі ў рэанімацыі. На месцы працавалі 16 пажарных разлікаў. Агонь удалося лакалізаваць на працягу гадзіны. У прычынах і акалічнасцях здарэння зараз разбіраюцца эксперты. На месцы падзей пабываў Аляксандр Камовіч

Выццё пажарных сірэн, машыны, якія мчацца па ціхай вёсцы Каралёў Стан. Такім паўстала раніца аўторка для мясцовых жыхароў. Паведамленне аб здарэнні на мясцовым заводзе па вытворчасці бітуму паступіла ратавальнікам у 8:55. На месцы здарэння ў той момант знаходзіўся вадзіцель прадпрыемства "Алкід" Юрый. Мужчына распавядае, што пачуў выбух і ў наступны момант разам з дырэктарам пабег дапамагаць пацярпелым.

Калі да месца выкліку прыбылі падраздзяленні МНС, высветлілася, што ў будынку па вытворчасці бітумнай гідраізаляцыі плошчай амаль дзве з паловай тысячы квадратных метраў адбыўся выбух з наступным пажарам.

Трэба сказаць, што ў момант выбуху на тэрыторыі знаходзіліся рабочыя. У выніку пацярпелых адвезлі ў бальніцу. Адзін з іх і дырэктар "Алкіда" - ён атрымаў апёкі, калі дапамагаў рабочым выбрацца з-пад падпаленых абломкаў. Медыкі аказалі яму першую дапамогу і адправілі на амбулаторнае лячэнне.

Яшчэ трое рабочых, якія пацярпелі ад выбуху, зараз знаходзяцца ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Двое з іх у рэанімацыі, яны атрымалі наймацнейшыя апёкі. Урачы гавораць, што на іх рэабілітацыю запатрабуецца працяглы тэрмін.

Нягледзячы на тое, што жыццям пацярпелых зараз нічога не пагражае, прагнозы ўрачы даваць не бяруцца.

Паводле непацверджанай інфармацыі, прычынай здарэння мог стаць выбух бочкі з ацэтонам. Аднак у МНС такія даныя не каменціруюць. Зараз у акалічнасцях здарэння разбіраюцца як ратавальнікі, так і следчая група. Па факце парушэння правіл вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правіл бяспекі ўзбуджана крымінальная справа.