Мадэрнізацыя прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу працягваецца ў Мінскай вобласці

17 сентября 2015

Такім чынам павялічваюць прыбытак месцамі на 15-20 % і нават вышэй. Гэта найбольш прыкметна у Дзяржынскім, Клецкім, Слуцкім і Маладзечанскім раёнах. Пры гэтым прамыслоўцы ўсё часцей выбіраюць беларускую тэхніку і абсталяванне. Аляксей Кандраценка пра выгаднае супрацоўніцтва вучоных і аграрыяў.

Некалькі гадоў інтэнсіўнай працы інжынераў, распрацоўшчыкаў і аграрыяў, увасобленай у бетоне, метале і складанай электроніцы. Комплекс для падрыхтоўкі насення - адно з апошніх ноу-хау Навукова-практычнага цэнтра па механізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук. Новы агрэгат, якім кіруюць усяго два аператары, рыхтуецца да службы ў гаспадарцы "Зазер'е". Задача комплексу - максімальна якасная сушка, ачыстка і сартаванне.

Бункерный склад для захоўвання зерня - тое месца, адкуль збожжа паступае на апрацоўку. Гэта значыць статус зерневага матэрыяла ці сыравіны яно зменіць на насенне.

Ад таго, якім яно будзе, залежыць аб'ём і якасць будучага ўраджаю, напрыклад, пшаніцы, трыцікале або жыта.

Зерне непасрэдна з поля можа каштаваць больш за мільён рублёў за тону, а пасля апрацоўкі ўжо ў 3-4 разы даражэй. Пры такой калькуляцыі выгадна імпарт замяняць сваім насеннем. Для яго вытворчасці і патрэбны такі комплекс. Тэхніка, дарэчы, дазваляе эканоміць і на паліве.

Аляксандр Ганковіч, галоўны энергетык эксперыментальнай базы "Зазер'е":

"Другаснае паветра, рэкуперацыя, падаецца вентылятарамі зноў на гарэлкі, гэта значыць яно не выкідваецца вонкі. Эканомія газу ў нас адбываецца да 18%".

Па суседстве раскрыць свой патэнцыял гатовая найноўшая біягазавая ўстаноўка. Малочна-таварная ферма - крыніца вялікай колькасці арганічных адходаў. Яны дзякуючы тэхналогіям трансфармуюцца ў цяпло і святло. Праект дарагі, але менавіта альтэрнатыўная энергетыка з часам прынясе свае дывідэнды, упэўнены спецыялісты.

Сёння ў Мінскай вобласці пяць біягазавых установак. У іх развіццё ўкладваюць сродкі і замежныя інвестары. Усяго ў краіне 16 такіх комплексаў. Гэта палова з таго, што намечана рэалізаваць у найбліжэйшыя гады.