Мінская вобласць развівае праект па перапрацоўцы выкарыстаных аўтамабільных і прамысловых масел

27 июня 2017

З карысцю для экалогіі і эканомікі! Мінская вобласць развівае праект па перапрацоўцы выкарыстаных аўтамабільных і прамысловых масел. Зараз непатрэбныя і небяспечныя для прыроды і здароўя рэчывы можна ўтылізаваць па правілах. Для гэтага больш як паўсотні прадпрыемстваў Барысаўскага і Крупскага раёнаў ўсталявалі спецыяльныя кантэйнеры. Дарэчы, у шасці пунктах прыёму за адпрацаванае масла можна атрымаць грошы. Пілотны праект рэалізуе аб'яднанне «Экалагічная ініцыятыва» сумесна з прадпрыемствам-перапрацоўшчыкам і пры падтрымцы міжнародных структур.

Андрэй Вараб'ёў, намеснік старшыні Крупскага райвыканкама:

"Насельніцтва ўжо станоўча ставіцца да таго, што ёсць прадпрыемства, якое перапрацоўвае маслы. І гэтыя адпрацаваныя маслы не трапляюць на зямлю і не забруджваюць навакольнае асяроддзе. Мы атрымліваем чысты вадаём, бо, на жаль многія аўтааматары, выязджаючы на рэчку, там мянялі масла і мылі сваё аўто. Тут жа мы цэнтралізавана праводзім збор масла і яго ў далейшым перапрацоўваем. Я бачу толькі плюсы ад гэтага прадпрыемства і ініцыятывы".

Само ж прадпрыемства-перапрацоўшчык з Крупак выпускае 60 відаў гатовай прадукцыі, большая частка якой прызначана для экспарту.

Дзмітрый Магілёўскі, начальнік аддзела прадпрыемства па перапрацоўцы масел: "Па ўзгодненым графіку нашы аўтамабілі прыязджаюць адпампоўваюць адпрацаваныя маслы і перавозім на завод для далейшай перапрацоўкі. З адпрацаваных масел і на іх аснове вырабляецца імпартазамяшчальная прадукцыя. Гэтае буйное домабудаванне, вытворчасць удабрэнняў, таксама машынабудаванне".

У перспектыве вопыт пілотнага праекта зялёнай эканомікі Мінскай вобласці прыменяць у маштабах усёй краіны.