Мінск і Кішынёў дамовіліся наконт пашырэння партнёрства

3 октября 2016

Кантракты на мільёны долараў і запуск новых сумесных вытворчасцяў. Мінск і Кішынёў дамовіліся наконт пашырэння партнёрства, у тым ліку і ў такіх сферах, як сумесны выпуск гібрыдных тралейбусаў. Сёння завяршыўся афіцыйны візіт прэм'ер-міністра Беларусі ў Малдову. Наша краіна гатовая падзяліцца з партнёрамі вопытам у галіне будаўніцтва дарог і ўзвядзення розных сельгасаб'ектаў. У Беларусі таксама можа быць арганізаваная перапрацоўка малдаўскай агародніны і садавіны для паставак на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

Выгаду беларуска-малдаўскіх адносін ацаніў Аляксей Адашкін. У гэтых ужо гістарычных будынках у цэнтры Кішынёва напрыканцы XIX стагоддзя знаходзілася база конна-чыгункі. Сёння тут пачалася новая эра для мясцовага грамадскага транспарту і прамысловасці. Сабраны першы беларуска-малдаўскі гібрыдны тралейбус, які можа праехаць больш як 50 кіламетраў без электрасеткі - на батарэях.

З 2012 года тут выраблена ўжо амаль сто тралейбусаў "Белкамунмаш". Новыя бесправадныя мадэлі гэтай тэхнікі пачнуць ездзіць са сталіцы ў аэрапорт, а гэта прыкладна 20 кіламетраў у адзін бок.

Прадпрыемстваў беларускага паходжання будзе больш. На вуліцах гарадоў гэтай рэспублікі могуць неўзабаве з'явіцца і аўтобусы МАЗ, сабраныя ў Малдове. Дэталі такога праекта зараз прапрацоўваюцца. У гэтай краіне ўжо паспяхова дзейнічаюць адразу два прадпрыемствы па выпуску беларускіх трактароў.

У 2015-м краіны нагандлявалі прыкладна на 270 мільёнаў долараў. Сёлета тавараабарот дэманструе амаль 10-працэнтны рост. Пастаўлена задача павялічыць узаемадзеянне да лічбы 400 мільёнаў долараў.

Сёння ў Кішынёве з удзелам прэм'ер-міністраў дзвюх краін прайшоў маштабны бізнес-форум. На дзелавым кангрэсе былі прадстаўлены каля сотні розных кампаній. Вынік перамоў - падпісана паўтара дзясятка кантрактаў і пагадненняў. У дакументах сотні адзінак рознай тэхнікі і сумы на мільёны долараў.

Беларусь у першай дзясятцы замежных партнёраў Малдовы. Тут, дарэчы, гандаль з нашай краінай падтрымліваюць на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, урад аплачвае чвэрць кошту беларускіх трактароў, якія купляюць мясцовыя фермеры. Выгада ўзаемная.

У канцы кастрычніка ў Малдове пройдуць прэзідэнцкія выбары. Упершыню за 20 гадоў галасаванне будзе ўсенародным. Да гэтага моманту лідара вызначаў парламент. На галоўную ў краіне пасаду зараз прэтэндуюць 8 чалавек. Зрэшты, так склалася, што ў эканоміцы Беларусь і Малдова застаюцца надзейнымі партнёрамі незалежна ад палітычных поглядаў афіцыйнага Кішынёва. Таму можна не сумнявацца, што ўсё, наконт чаго гэтымі днямі дамовіліся ўрады і прадпрымальнікі дзвюх краін, будзе выканана.