Сёння роўна 70 гадоў таму пачалася беларуская наступальная аперацыя Баграціён

23 июня 2014

Правільны ход савецкіх палкаводцаў, у выніку якога вольна ўздыхнулі Беларусь, частка Прыбалтыкі і Польшчы і які выразна вызначыў блізкі разгром фашысцкай Германіі. Успаміны, якія немагчыма забыць, вачамі тых, хто чорна-белыя кадры хронікі бачыў наяве - у рэпартажы Паліны Іванча.


Гэтым рэдкім і рэалістычным кадрам ужо 70 гадоў. Роўна столькі часу таму ў Беларусі пачалася наступальная аперацыя пад кодавай назвай Баграціён. Чырвоная армія павінна была вывесці добра ўзброеную паўтарамільённую групоўку захопніка з беларускай зямлі. І, як скажуць потым гісторыкі, у праціўніка проста не было шанцаў.


Анатоль Вялікі, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі: Кожны дзень расходвалі 765 вагонаў рознага кшталту боепрыпасаў. Дык вось, хуткасць руху часцей Чырвонай арміі даходзіла або пачыналася ад 20 і вышэй кіламетраў. Гэта значыць, на меркі ваеннага часу, ваеннага мастацтва, гэта было вельмі.


Выразна спланаваныя глыбокія контрудары, заварванне катлоў і фарсіраванне рэк. А паралельна - трэці этап рэйкавай вайны. Толькі за ноч партызанам атрымлівалася ўзарваць больш за 40 000 рэек, яны перакрывалі такім чынам фашыстам заходнія пастаўкі зброі, тэхнікі, медыкаментаў. Толькі за першыя 10 дзён аперацыі вольна ўздыхнулі Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск і Барысаў.


Для Мінска 1100 дзён і начэй акупацыі скончыліся 3 ліпеня. Танкавы Тацынскі корпус і байцы Пятай гвардзейскай танкавай арміі ўварваліся ў беларускую сталіцу. Горад быў вызвалены на 5 дзён раней усталяваных стаўкай тэрмінаў.


І сёння пра гэтыя падзеі ўспамінаюць тыя, хто гэтую хроніку бачыў не ў запісе, а наяве.


Валянціна Чудаева на фронт пайшла добраахвотнікам у 17 гадоў. Дзяўчынка, ды яшчэ і камандзір гарматнага разліку зенітнай артылерыі. Тады, 3 ліпеня, яны, зенітчыкі, трымалі неба над Мінскам.


Валянціна Чудаева, камандзір зенітнай гарматы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: Гарэла ўсё. Спустошаны, нейкая была зверская прыкрая цішыня, яна была… як мёртвы, быў Мінск. Але ў той жа час ён жыў! Ён быў спалены, але ён быў непераможаны! Папялішчы руінаў, падаецца, варушыліся, змучаныя, галодныя, як яны нас сустракалі! Яны апошняе гатовыя былі аддаць!.


Такое не забываецца ніколі. Пра гэта пішуць у манаграфіях і падручніках, а мы потым чытаем і не можам паверыць. І з кожным годам падзеі тых гадоў не аддаляюцца.


Аляксей Ліцвін, загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін ДНУ Інстытут гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар: У цяперашні час мы з Інстытутам ваеннай гісторыі генштаба РФ падрыхтавалі вялікую работу, прысвечаную вызваленню Беларусі. Мы ў ёй упершыню прыводзім малавядомыя або недаступныя раней нам дакументы Дзяржаўнага камітэта абароны, дакументы франтоў, у тым ліку і аператыўныя зводкі і пасляваенныя распрацоўкі генштаба наконт гэтай праблемы, якія былі закрытыя для шырокага чытача.


А гэты помнік назаўжды ўвекавечыць подзвіг савецкіх салдатаў. Напярэдадні ў Гомельскай вобласці адкрыўся мемарыяльны знак, прысвечаны 70-годдзю аперацыі Баграціён. У цэнтры барэльефа фігуры чатырох палкаводцаў: Канстанціна Ракасоўскага, Георгія Жукава, Паўла Батава і Міхаіла Панова. Справа і злева - савецкія воіны, якія наступаюць. А на фоне - стрэлкі, якія паказваюць два галоўныя ўдары войскаў.