Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю аб’яўлены мараторый на праверкі гандлёвых інспекцый

21 февраля 2017

Мараторый на праверкі гандлёвых інспекцый, аб’яўлены Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, - адна з мер, якія дзяржава прымае па стымуляванні дзелавой ініцыятывы. Ведамства пераходзіць у рэжым маніторынгу за сітуацыяй у гандлёвай сетцы Беларусі, заявіў міністр Уладзімір Калтовіч. Мараторый пачне дзейнічаць з 27 лютага - да выхаду ўказа па кантрольна-нагляднай дзейнасці. З верасня 2016 года міністэрства працуе як антыманапольны орган. Тады задачы гандлёвай інспекцыі былі значна пашыраныя. Галоўнае сёння - адмовіцца ад функцый, якія дубліруюцца з сумежнымі структурамі: Дзяржстандартам і санітарнымі службамі. Асноўная задача ведамства - рэгуляванне цэнаў і тарыфаў на рынку Беларусі.

Нагадаем, аб адмене праверак малога і сярэдняга бізнесу раней ужо заявіла і МНС. Удасканаленне кантрольнай дзейнасці абмяркоўвалі на мінулым тыдні падчас вялікай нарады ў Прэзідэнта з прадстаўнікамі дзяржорганаў і бізнесу. Галоўны лейтматыў - дабіцца рэальнага паляпшэння ўмоў для дзелавой актыўнасці ў Беларусі. Для гэтага адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў павышаецца, а вось колькасць прыходаў кантралёраў з розных інстанцый скарачаецца.

Аб станоўчай дынаміцы ў развіцці бізнес-клімату ў нашай краіне лепш скажуць лічбы. Беларусь імкнецца ўвайсці ў трыццатку лепшых краін па вядзенні бізнесу ў рэйтынгу Сусветнага банка.

Сёння ў нас 37-е месца ў Doing Business сярод 190 дзяржаў свету. Для параўнання: годам раней было 44-е. У лідарах спісу Новая Зеландыя, Сінгапур і Данія. Расія ў гэтым спісе на 40-м месцы, Малдова на 44-м, Азербайджан - 65-е месца і Украіна - 80-е.

Пры гэтым, паводле звестак апошняга даклада Сусветнага банка, Беларусь увайшла ў дзясятку вядучых краін свету па правядзенні рэформаў, спрыяльных для бізнесу. Краіна зацікаўленая ў адкрыцці новых вытворчасцяў і стварэнні тавараў заўтрашняга дня, а таксама новых рабочых месцаў.