Міхаіл Мясніковіч: Мадэрнізацыя прадпрыемстваў немагчымая без падтрымкі дзяржавы

24 сентября 2015

Мадэрнізацыя прадпрыемстваў немагчымая без падтрымкі дзяржавы. Пра гэта сёння падчас візіту ў Брэсцкую вобласць заявіў Старшыня Савета Рэспублікі. Міхаіл Мясніковіч прыняў удзел у пасяджэнні аблвыканкама, дзе разглядалася пытанне аб выкананні даручэння Прэзідэнта па мадэрнізацыі прадпрыемстваў на паўднёвым захадзе краіны. Асаблівая ўвага - праблеме эфектыўнай працы арганізацый, якія прайшлі тэхнічнае пераўзбраенне.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Прадпрыемствы, якія ўвайшлі ў глыбокую мадэрнізацыю, былі ў надзвычай цяжкім становішчы, і зараз яны змушаныя працаваць па звароце крэдытаў. Безумоўна, нічога дрэннага няма, калі дзяржава акажа адпаведную падтрымку і па абаротных сродках, і ў пагашэнні працэнтаў па крэдытах, і звароце самога цела крэдыту. Працэнтныя стаўкі досыць высокія, і тут не віна прадпрыемстваў, якія ўзялі крэдыты на мадэрнізацыю. Гэта сістэмная праблема. І ў яе рашэнні павінны ўдзельнічаць усе".

У Брэсцкай вобласці ў комплексную праграму мадэрнізацыі ўваходзяць звыш 700 прадпрыемстваў. На іх рамонт і закупку новага абсталявання за тры гады накіравана каля 15 трыльёнаў рублёў. Асноўныя крыніцы фінансавання - уласныя сродкі арганізацый і крэдытныя рэсурсы. Больш за ўсё мадэрнізацыя кранула перапрацоўчую галіну.