МАГАТЭ лічыць праект Беларускай АЭС устойлівым да знешніх пагроз

8 июня 2017

Справаздача па выніках работы SEED-місіі, якая працавала на пляцоўцы ў Астраўцы ў студзені, апублікаваныя на сайце Мінэнерга. Эксперты разглядалі аспекты бяспекі праекта на фоне знешніх фактараў. Высновы і рэкамендацыі выкладзеныя на 27-мі старонках на англійскай мове. І, можа, таму справаздача незразумеля нашым літоўскім суседзям, якія нягледзячы на пазітыўную ацэнку МАГАТЭ працягваюць выстаўляць прэтэнзіі да нашага праекта. Больш падрабязна аб цяжкасцях перакладу Ксенія Рабчынская.

SEED-місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі сваю працу ў Беларусі завяршыла 20 студзеня. Эксперты МАГАТЭ чатыры дні збіралі інфармацыю для аналізу бяспекі БелАЭС. Спецыялісты ацэньвалі ўплыў на будучую станцыю антрапагенных фактараў і прыродных з'яў. Гэта стандартная практыка. І нягледзячы на тое што падзенне самалёта, пажар, тарнада або магутнае землетрасенне ўяўляюцца хутчэй фантастыкай, кожны з гэтых фактараў па выніках місіі спецыялісты прызналі ўлічаным у праекце.

Сама справаздача на англійскай мове, над ёй, аналізуючы ўсе рызыкі, у МАГАТЭ працавалі больш чым чатыры месяцы. У выніку высновы і прапановы на 27-мі старонках апублікаваныя на сайце Мінэнерга Беларусі. Па сутнасці справаздача зводзіцца да адказу на адно пытанне: ці разгледжаныя ўсе неабходныя аспекты бяспекі ў адпаведнасці са стандартамі МАГАТЭ? Галоўныя высновы гучаць так: ????

У справаздачы ёсць таксама некалькі рэкамендацый. Адна з іх - дэталёва прапісаць у канчатковай справаздачы па бяспецы АЭС уплыў на працу станцыі электрамагнітных перашкод і маланак. Другая таксама датычыцца папяровай працы - удасканаліць графік зрухаў зямной паверхні пры сейсмічнай актыўнасці. У цэлым справаздача МАГАТЭ пазітыўная, эксперты станоўча ацанілі той факт, што Беларусь абавязалася правесці поўны аналіз бяспекі АЭС да пачатку яе эксплуатацыі. Аднак нашых літоўскіх суседзяў сама справаздача, відаць, хвалюе мала. Менавіта яны заклікалі запрасіць місію МАГАТЭ на пляцоўку, але, не чакаючы не тое што справаздачы, а нават заканчэння працы экспертаў, заявілі, што місія не тая і не ў поўным аб'ёме. Гэта пры тым, што запрашэнне такіх місій наогул справа добраахвотная. І вось зноў. Нягледзячы на станоўчую справаздачу МАГАТЭ, афіцыйны Вільнюс паспяшаўся заявіць: Беларуская АЭС - гэта пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы. Магчыма, кропку ў прэтэнзіях суседа паставіць міжнародная супольнасць на наступным тыдні, калі ў Беларусі пройдзе нарада бакоў канвенцыі Эспа па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Пазіцыя Беларусі, калі сцісла, заключаецца ў тым, што наша краіна зрабіла неабходныя крокі, прадугледжаныя палажэннямі канвенцыі для прыняцця рашэнняў аб пачатку будаўніцтва. Гэта пацвярджаецца і ў дакладзе камітэта па ажыццяўленні канвенцыі Эспа. Для Беларусі пытанні ядзернай бяспекі і транспарэнтнасці маюць абсалютны аўтарытэт падчас праекта рэалізацыі будаўніцтва БелАЭС. Мы робім усё неабходнае, каб гарантаваць найвышэйшы магчымы ўзровень ядзернай бяспекі. Цесна супрацоўнічаем з МАГАТЭ, з іншымі партнёрамі, у тым ліку Еўрапейскай камісіяй. Мы выкарыстоўваем увесь іх экспертны патэнцыял і інструментарый. Мы адкрытыя і гатовыя да прафдыялогу. Галоўнае – каб такія тэмы не палітызаваліся і не выкарыстоўваліся ў эмацыянальным плане, эмацыянальным ключы".

Нагадаем, пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС не раз наведвалі эксперты міжнародных арганізацый, у тым ліку і МАГАТЭ. Некалькі тыдняў таму ў Астраўцы прымалі паслоў дыпмісій, якія працуюць у Беларусі. Ужо пасля гэтага - на мінулым тыдні - глабальную будоўлю ўбачылі прадстаўнікі Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць АЭС. Не раз сюды запрашалі і літоўскіх калег. Праўда, пакуль нягледзячы на тое што адкрытасць Беларусі ў пытанні будаўніцтва АЭС адзначаюць многія міжнародныя эксперты, канструктыўнага дыялогу з суседам не выходзіць. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя