Лізінг у падтрымку фермерскім гаспадаракам

14 февраля 2014
Пачатак вяснова-палявых работ фермерскія гаспадаркі Беларусі змогуць сустрэць абноўленым тэхнічным паркам. З сённяшняга дня ў краіне стартавала праграма падтрымкі фермерскіх гаспадарак у рамках лізінгу. Фінансуе праграму Банк развіцця, яе аператарам выступае Прамагралізінг. Фермеры атрымаюць тэхніку на выгадных умовах. Фінансавую арэнду дадуць на 5 гадоў пад 7,5% гадавых.

Аляксандр Забароўскі, першы намеснік кіраўніка апарата Савета Міністраў Беларусі: Навізна ў тым, што да гэтага ўмовы для невялікіх гаспадарак былі значна горшыя. Мы ведаем, што сёння на рынку вельмі няпростыя ўмовы па кошце крэдытных рэсурсаў і вось менавіта запуск такой праграмы дазваляе максімальна пашырыць плацежаздольны попыт з боку фермерскіх гаспадарак, тых, каму патрэбна зараз гэтая тэхніка. Асаблівасць у тым, што, па-першае, гэта плацежаздольны попыт, паколькі гэтыя людзі, як правіла, 2,5 тысячы фермерскіх гаспадарак, маюць высокую рэнтабельнасць. Для невялікай гаспадаркі заўсёды складана сабраць вялікую суму ў адзін момант, таму ствараючы камфортныя ўмовы, мы гаворым пра асаблівыя ўмовы і ў тым ліку для развіцця гэтага сектара эканомікі.

Працу па заключэнні лізінгавых кантрактаў аператар праграмы мае намер праводзіць у самыя кароткія тэрміны.