Лясгасы Мінскай вобласці рыхтуюцца да цёплага сезона

22 марта 2014
Прыводзяць у парадак усе 22 паляўнічыя комплексы. У Год гасціннасці асаблівую ўвагу нададуць экатурызму: з'явяцца новыя маршруты, а домікі для паляўнічых і рыбаловаў зробяць больш утульнымі.

Аляксей Кандраценка ацаніў магчымасці для актыўнага адпачынку.

Слуцкі лясгас, як велізарнае казачнае каралеўства, раскінуўся на плошчы 60 тысяч гектараў. За яго багаццем ляснічым усачыць няпроста. Дапамагае электроннае вока. Веб-камера ўстаноўлена на вышцы. Высока сяджу - добра гляджу: дальнамер - да 20 кіламетраў.

Аляксандр Сечка, інжынер аховы лесу Слуцкага лясгаса: Вугал агляду гэтай камеры - 360 градусаў. Калі дзесьці дымок, то можна павялічыць і ўбачыць яго месцазнаходжанне.
Лясным саджанцам, якія тут вырошчваюць, праз пару гадоў дадуць пуцёўку ў жыццё. Сотні тысяч лясных прыгажунь пераселяцца ў лясы і гарады.

Раман Ажыгар, галоўны ляснічы Слуцкага лясгаса: Вырошчваюцца асноўныя лесастваральныя пароды, іх больш за 12. Астатняе - дэкаратыўны пасадачны матэрыял для азелянення ў гарадах, частка яго ідзе экспарт.

Ласі, дзікі, казулі і курапаткі. Слуцкія землі заўсёды славіліся паляваннем. Зараз у лясной гаспадарцы разводзяць і ланяў. Ужо хутка іх пераселяць у новы вальер. Увогуле сезон вясна-лета абяцае быць насычаным.

Яўген Крыскевіч, галоўны ляснічы Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання: Не застаёмся і мы ўбаку. Ствараем экалагічныя сцежкі, экалагічныя веламаршруты, ёсць нават і водныя маршруты.


Дзе ў сталічным рэгіёне можна правесці сапраўднае каралеўскае паляванне і ў якім лясгасе самы смачны бярозавы сок? Усе падрабязнасці ў праграме Навіны. Цэнтральны рэгіён. У нядзелю ў 12 гадзін.