Крэдытная палітыка стане адным з ключавых кірункаў працы ўрада

16 декабря 2015

Крэдытная палітыка стане адным з ключавых кірункаў працы ўрада ў найбліжэйшы час. Пра гэта сёння заявіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Кошт рэсурсаў для рэальнага сектара эканомікі сёння надзвычайнай высокі, адзначыў віцэ-прэм'ер. А таму зніжэнне ставак па крэдытах для далейшага развіцця прадпрыемстваў стане найважнейшай задачай на найбліжэйшы год. Таксама ўрад будзе прытрымлівацца тактыкі захавання буйных сістэмаўтваральных прамысловых гігантаў краіны. Апроч галоўных эканамічных арыенціраў, сёння журналісты спыталі віцэ-прэм'ера і пра цэны на энергарэсурсы для Беларусі з 1 студзеня новага года.

Па выніках пасяджэння Нацыянальнага савета ўрад і рэспубліканскія аб'яднанні наймальнікаў і прафсаюзаў падпісалі генеральнае пагадненне на найбліжэйшыя тры гады. Урад са свайго боку ўзяў на сябе абавязацельствы па росце заработнай платы, занятасці і сацыяльных выгадах. А прафсаюзы гарантавалі падтрымку ў працоўных і сацыяльных пытаннях. У прыватнасці, дакумент прапісаў меры па сацыяльнай падтрымцы беспрацоўных, а таксама па абароне тых, хто можа імі стаць у перспектыве.