Комплекс "Азярыцкі-Агра" ператварыўся ў лідара малочнай галіны Беларусі

22 декабря 2015

Менавіта тут прайшлі ліпеньскія канікулы Жэрара Дэпардзье. Знакаміты французскі акцёр па запрашэнні Кіраўніка дзяржавы наведаў унікальную малочна-таварную ферму прадпрыемства "Азярыцкі-Агра". Роўна дзесяць гадоў таму ўласнікам тады яшчэ стратнай гаспадаркі дзякуючы ўказу Аляксандра Лукашэнкі стаў адзін з найбуйнейшых банкаў краіны - Белаграпрамбанк. Зараз на прадпрыемстве атрымліваюць ураджай амаль у 50 цэнтнераў з гектара, а пагалоўе жывёлы перавышае 6 тысяч. Як комплекс "Азярыцкі-Агра" ператварыўся ў лідара малочнай галіны Беларусі. Гісторыя эфектыўнага супрацоўніцтва банкіраў і гаспадарнікаў - у рэпартажы Наталлі Тарасюк.

Сэндвіч-панэлі, аўтаматычная сістэма вентыляцыі і асаблівая кармавая база… На малочна-таварнай ферме "Вішня" гаспадаркі "Азярыцкі-Агра" выпускаюць прадукт экстра-класа: тлустасць малака перавышае 3,5 %. Усё аўтаматызавана - вадкасць трапляе адразу ў вакуумны халадзільнік і ахалоджваецца. На ферме ў 1000 галоў працуюць толькі 8 даярак. Удоі дасягаюць 7,5 тысячы літраў за год.

На будаўніцтва гэтага сучаснага комплексу ўласнік прадпрыемства "Азярыцкі-Агра" - Белаграпрамбанк - накіраваў 49 мільярдаў рублёў. Банк рэканструяваў цяплічны камбінат, сховішча для агародніны, зернесушылку і склад угнаенняў. Гаспадарка маштабная, займае амаль 9 тысяч гектараў. Гэта сельгасугоддзі і 9 ферм, на якіх працуюць больш за паўтысячы работнікаў.

Жыхароў Смалявіцкага раёна прываблівае яшчэ і сацыяльная інфраструктура. Гэта і рэканструяваны за кошт банка інтэрнат на 170 месцаў, садок і Слабадская сярэдняя школа. Важкі ўклад банка і ў будаўніцтва храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы.

Больш за мільён кліентаў і амаль 400 аддзяленняў па ўсёй краіне. Белаграпрамбанк - адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Уласнікам комплексу "Азярыцкі-Агра" банк, назва якога прадугледжвае магчымасць фінансавання сельскай гаспадаркі, стаў роўна дзесяць гадоў таму. Амаль 340 мільярдаў рублёў інвестыцый, у выніку прадпрыемства ў Смалявіцкім раёне ўваходзіць у топ-15 найбуйнейшых малочных гаспадарак Беларусі.

Ураджайнасць у некалі стратнай гаспадарцы "Азярыцкі-Агра" зараз каля 50 цэнтнераў з гектара. Высокія паказчыкі працы - вынік бачання перспектывы самім Кіраўніком дзяржавы. Дзякуючы ўказу Аляксандра Лукашэнкі 10 гадоў таму гаспадарка атрымала другі шанц.

Атрыманы комплексам "Азярыцкі-Агра" прыбытак і сродкі банка дазволілі развіваць і аграэкатурызм. Месцы ў аздараўленчым комплексе "Сасновы" браніруюць за некалькі месяцаў. Больш за тое, у наступным годзе з'явіцца яшчэ і новая база адпачынку каля Дуброўскага вадасховішча.