Кітай зацікаўлены ў пастаўках беларускай ялавічыны на свой унутраны рынак

28 октября 2016

Спецыяльная ветэрынарная камісія КНР падвяла вынікі працы ў Беларусі. Спецыялісты наведалі чатыры мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, тры жывёлагадоўчыя комплексы і шэраг кантрольных лабараторый. Кітайскія эксперты адзначылі, што ветэрынарная сістэма Беларусі вельмі эфектыўная, а нарматыўная база па кантролі якасці харчовай прадукцыі ў шматлікіх пунктах падобная да кітайскай.

Цай Баалян, дырэктар бюро ўязной-выязной інспекцыі і карантыну правінцыі Цзянсу Кітая: "Наша Міністэрства сельскай гаспадаркі надае вялікую ўвагу якасці прадукцыі, якая пастаўляецца, а ў Беларусі - вельмі высокаразвітая ветэрынарная нарматыўна-прававая база. Мяркуючы па тым, што мы бачылі на прадпрыемствах і лабараторыях, якія наведалі, мы ўпэўненыя, што пытанне з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Кітай будзе вырашанае максімальна хутка".

Беларускія прадукты ўжо заваёўваюць свае пазіцыі на кітайскім рынку. Нагадаем, раней 14 малочных заводаў нашай краіны атрымалі права экспартаваць сваю прадукцыю ў КНР.