Вынік працы першага дня Міжнароднага эканамічнага форуму ў Віцебску

11 мая 2017

Без малога два дзясяткі пагадненняў і дагавораў аб супрацоўніцтве. Такі вынік працы першага дня Міжнароднага эканамічнага форуму ў Віцебску. На выставе больш за сотню экспанентаў з усёй краіны - ад малога сямейнага бізнесу да валаўтваральных прамысловых гігантаў. А патэнцыяльныя інвестары прадстаўляюць Францыю, Славенію, Латвію і Літву, Кітай, В'етнам, Чэхію, больш як дзесяць рэгіёнаў Расіі. Інвестыцыйныя магчымасці вобласці дзелавыя колы абмяркуюць падчас працы тэматычных секцый.

Адным з пунктаў праграмы форуму стала адкрыццё новага прадпрыемства па вытворчасці гандлёвага абсталявання. Завод працуе ў рамках свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск". Паўночную вобласць Беларусі ў якасці месца ўкладання інвестыцый выбралі польскія і ўкраінскія інвестары. Сёлета на форуме асаблівую ўвагу бізнесмены нададуць зялёнай эканоміцы. Бо гэтымі днямі ў горадзе на Дзвіне праходзіць і 14 Рэспубліканскі экалагічны форум.