"Вялікі камень" пашырае спіс рэзідэнтаў

1 октября 2020
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" пашырае спіс рэзідэнтаў. Найбольш перспектыўныя сумесныя праекты - у галіне фармацэўтыкі, інавацыйнага лічбавага друку, дрэваапрацоўкі на аснове прынцыпаў Індустрыі 4.0 і вытворчасці электрасамакатаў. 

Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў арыентавана не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт. Пра перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва - Яўген Калаўр.

Сёння ў складзе індустрыяльнага парка - больш чым 60 рэзідэнтаў з 14-ці краін свету. Профіль іх працы разнастайны. Выпуск прадукцыі, аказанне паслуг, навукова-даследчыя распрацоўкі. Зрэшты, спіс увесь час пашыраецца. Хутка адкрыецца і  сумесны Беларуска-кітайскі завод па вытворчасці каробак перадач. Дарэчы, побач ужо канструююць і рухавікі. Праектная магутнасць - больш за 20 тысяч сілавых агрэгатаў за год. Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў  арыентавана не толькі на ўнутраны рынак. Асноўная задача – павялічыць экспарт ва Усходне-Еўрапейскую і Еўразійскую эканамічныя прасторы.

Акрамя гэтага, неўзабаве ў "Вялікім камені" адкрыюць і сумесную вытворчасць вежавых кранаў, грузападымальнасцю да 60 тон. Канструяваць іх будуць на шасі МАЗа.

А гэта - інавацыйны цэнтр, падарунак ад кітайскіх партнёраў. Падчас будаўніцтва Паднябесная аказала тэхніка-эканамічную дапамогу. Архітэктура збудавання, з птушынага палёту, нагадвае лічбу 8, дарэчы, сімвалічную для Кітая. Там яна азначае багацце і росквіт. Літаральна да канца года, у гэтых сценах пачнуць развіваць фундаментальныя і прыкладныя навукі.

За ўвесь час у развіццё індустрыяльнага парка ўжо інвесціравана амаль 600 мільёнаў долараў. Кожны год у "Вялікім камені" з'яўляюцца новыя праекты. Сёння сярод прыярытэтных напрамкаў – не толькі электроніка, тонкая хімія, фармацэўтыка, біятэхналогіі, машынабудаванне, але і комплексная лагістыка. Паралельна ў парку ствараецца і неабходная інфраструктура. Да 2025 года тут плануюць пабудаваць шматкватэрныя дамы для 6 тысяч супрацоўнікаў.