Кіраўнік дзяржавы знаходзіцца з рабочай паездкай у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці

16 августа 2019

Акцэнт на ход уборачнай кампаніі: нягледзячы на нестабільнае надвор'е, пара для аграрыяў сапраўды гарачая. Прынцыповая задача ў такіх складаных умовах не страціць ні каласка. Менавіта таму такую ўвагу Прэзідэнт надае захаванню культуры земляробства, планаванню правільнай стратэгіі арганізацыі ўборачнай. Кіраўніку дзяржавы далажылі пра тое, што ў рэгіёне засталося сабраць прыкладна пяць працэнтаў каласавых і зерневых плошчаў. Адзначым, паводле плану, сёлета ў краіне павінны сабраць больш за дзевяць мільёнаў тон збожжа.

Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў жывёлагадоўчую ферму "Шапчыцы-агра". Беларускі лідар звярнуў увагу на сітуацыю з масавым падзяжом жывёлы. Напрыканцы года будзе падлічана колькасць загінуўшых галоваў у кожнай вобласці і ў цэлым па краіне. Па гэтым пытанні - фактах абуральнай безгаспадарчасці - Прэзідэнт абяцае сур'ёзныя разгляды. Так, летась толькі ў Мінскай вобласці загінула каля дваццаці тысяч галоваў буйной рагатай жывёлы. Падрабязнасці рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў нашых наступных выпусках.