Фермер зрабіў стаўку на жывёлагадоўлю, развядзенне коней. Марыць пра аграсядзібу

13 августа 2018

Многія фермеры робяць стаўку на жывёлагадоўлю, развядзенне коней. Пры гэтым імкнуцца рацыянальна выкарыстоўваць кожны кавалачак зямлі - сваёй малой радзімы. Наш наступны герой - з Верхнядзвінскага раёна. Усё сваё жыццё ён прысвяціў працы на зямлі. Плануе развіваць сваю справу і далей, асвойваючы пры гэтым перспектыўныя напрамкі.

Расказвае Марына Раманоўская.

Сяргей Лагун упэўнены: жнівень - выдатная пара для конных прагулак. Буянства фарбаў натхняе на доўгія экскурсіі па маляўнічых мясцінах Верхнядзвінскага раёна. Хоць самому, расказвае кіраўнік фермерскай гаспадаркі, улетку рэдка ўдаецца адпачыць. Коні патрабуюць шмат увагі. Але пры гэтым дораць вялізную радасць.

Сяргей Лагун пачынаў весці фермерскую гаспадарку разам з бацькам. Усё пачыналася з вырошчвання гародніны. Зараз плошча зямель - больш чым сто гектараў, ёсць і вялікі асабісты падворак. Стаўку фермер робіць на збожжавыя, гародніну і бульбу. Гаворыць: рацыянальна імкнецца выкарыстоўваць кожны кавалачак зямлі. Ёсць свой парк сельгастэхнікі. Паралельна з палявымі работамі фермер паспявае займацца і добраўпарадкаваннем.

Дзень фермера пачынаецца з першымі пеўнямі. І адразу за працу. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - жывёлагадоўля. На камеру ахвотна пазіруюць каровы і бычкі. У гаспадарцы іх некалькі дзясяткаў. Нядаўна Сяргей Лагун стаў займацца і авечкагадоўляй. Пачынаў з чатырох авечак. Зараз іх больш чым сто.

Яшчэ зусім нядаўна гэты будынак быў у непрывабным стане. Зараз тут ідзе рамонт. У абноўленым памяшканні фермер плануе трымаць коней і кароў.

Гадоўля коз, вырошчванне збожжавых, агародніцтва. У паўночным рэгіёне краіны больш за 300 фермерскіх гаспадарак. Для тых, хто замест гарадскога жыцця аддае перавагу працы на сяле, створаны максімальна камфортныя ўмовы.

Колькі часу спатрэбіцца, каб на кані аб'ехаць усе ўладанні, фермер не лічыў. Плануе развіваць сваю справу далей. Марыць Сяргей Лагун і пра аграсядзібу, у якой госці змогуць адпачыць ад гарадской мітусні і падчас коннай прагулкі ўбачыць усю прыгажосць яго малой радзімы.