Эканамічныя адносіны Беларусі і Германіі апошнія гады адрознівае паступальная дынаміка

1 июля 2019

Перспектывы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі і Германіі  ў сферы транспарту, лагістыкі, прыродных рэсурсаў і ўзаемадзеяння на ўзроўні прадпрыемстваў  сёння абмеркавалі прадстаўнікі дзвюх краін у рамках беларуска-германскага няўрадавага савета дзелавога супрацоўніцтва. Эканамічныя адносіны Беларусі і Германіі, паводле слоў экспертаў,  апошнія гады адрознівае паступальная дынаміка. Толькі летась тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 6 %.

Ута Калхоўскі-Каджая, выканаўчы дырэктар Усходняга камітэта - асацыяцыі германскай эканомікі па супрацоўніцтве з краінамі Усходняй Еўропы: "Павысіліся інвестыцыі Германіі ў беларускую эканоміку. Так, Германія дае крэдытныя гарантыі дзяржавы Германіі. І мы летась выдалі гарантый на 171 млн. еўра. Гэта абсалютна рэкордная колькасць. Мы бачым яшчэ вялікі патэнцыял, мы бачым гэта ў сферы IT, у сферы машынабудавання".

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Германія для нас заўсёды была найважнейшым партнёрам. Летась  гэта 3 млрд 300 млн  наш тавараабарот. Вельмі важна, што там 1 млрд 400 - гэта наш экспарт".

Пакуль знешнегандлёвае сальда для Беларусі застаецца адмоўным, але гэта можна змяніць за кошт павелічэння паставак беларускай інавацыйнай прадукцыі на рынкі Еўрасаюза. Акрамя таго, дапаможа скараціць адмоўнае сальда  рост экспарту беларускіх паслуг у сферы транспарту і інфармацыйна-камунікацыйных паслуг.