Эканамічная бяспека становіцца прыярытэтнай задачай для Беларусі

2 июня 2017

Сёння пра гэта гаварылі на міжнародным форуме ў сталіцы. Арганізаваны ён ініцыятывай "Мінскі дыялог". Сустрэча сабрала шырокае кола міжнародных экспертаў. Асаблівую цікавасць для нашай краіны ўяўляе пытанне забеспячэння эканамічнай незалежнасці. Каментарыі і прагнозы спецыялістаў выслухала Вольга Анішчанка.

Сёння на пляцоўцы "Мінскага дыялогу" эксперты прапаноўваюць рэцэпты эканамічнай бяспекі як для еўрарэгіёна ў цэлым, так і для нашай краіны ў прыватнасці. У топе найважнейых задач для ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі ва ўмовах глабалізацыі называюць перш за ўсё дыверсіфікацыю экспарту і зніжэнне залежнасці ад ключавых гандлёва-эканамічных партнёраў. Што, уласна, Беларусь дэкларуе неаднаразова. Удзельнікі падкрэсліваюць: стратэгія правільная. Але пакуль цяперашні гандлёвы расклад цяжка назваць камфортным для краіны.

Аб відавочных дысбалансах з трыбуны форуму заяўляе кіраўнік МЗС Уладзімір Макей і падкрэслівае: Беларусь імкнецца да планамернай пераарыентацыі знешняга гандлю. На выпадак крызісу работа не толькі з еўразійскімі (яшчэ і еўрапейскімі партнёрамі, а таксама краінамі далёкай дугі) гарантуе эканоміцы ўстойлівасць.

А пашырэнню сувязяў паспрыяе хутчэйшае ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Працэс актывізаваны і набліжаецца да фіналу.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: 

"Каля 10-15 дзяржаў засталося, з кім мы павінны завяршыць перамовы. Мы павінны папрацаваць над адпаведным дакументам рабочай групы. І мы зараз гэтым шчыльна займаемся. Я думаю, мы за дастаткова кароткі перыяд часу пройдзем той адрэзак шляху, які нам засталося прайсці".

СГА для Беларусі не толькі абарона гандлёвых інтарэсаў краіны, але і паляпшэнне дзелавога іміджу. Сёння гэта ключавая ўмова для доўгатэрміновай цікавасці інвестараў, адзначаюць на форуме эксперты. Патрэбны дакладныя правілы працы. Беларусь, дарэчы, удасканальвае закон. Але сёння інвестпалітыку ўсё больш варта выбудоўваць з улікам глабальных тэндэнцый.

Аляксандр Забароўскі, галоўны саветнік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі: 

"Мы бачым вельмі сур'ёзны адток капіталу з рынкаў, якія развіваюцца. І такім чынам робячы стаўку на прыцягненне інвестыцый, мы павінны ўлічваць гэтыя глабальныя тэндэнцыі. Быць эфектыўнымі з пункта погляду інстытуцыянальнай структуры, прапаноўваць тыя новыя інструменты, якія дазволяць паскорыць эканамічны рост і быць канкурэнтаздольнымі ў гэтым глабальным свеце".

Празрыстыя ўмовы для работы інвестараў, адкрытасць банкаўскай сістэмы, устойлівыя міжнародныя сувязі - эксперты гавораць аб супольнасці ўмоў эканамічнай бяспекі для любой краіны і дадаюць: сёння на першы план выходзяць яшчэ і высокія тэхналогіі. І Беларусь тут можа быць у авангардзе працэсу.

Дуглас Грыфітс, намеснік дырэктара па міжнародных сувязях Еўрапейскага цэнтра даследавання бяспекі:

"У Беларусі ў гэтым сэнсе ёсць бясспрэчная перавага. Гэта моцная адукацыйная база. Але пры гэтым павінна быць пэўная гнуткасць, каб прымяняць, адаптаваць гэтыя веды ў рэальным сектары эканомікі".

Вялікая дапамога для дзелавых кантактаў - зняцце візавых бар'ераў. Беларусь зрабіла першы крок і можа разлічваць на падтрымку ў адказ. У беларускім МЗС запэўніваюць: перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам працягваюцца. Але спяшацца з высновамі не варта. Перш за ўсё трэба вырашыць тэхнічныя пытанні, галоўнае з якіх - увядзенне біяметрычных пашпартоў для беларускіх грамадзян.