ЕЭК разлічвае, што Расія пры абмежаванні ўезду для грамадзян Беларусі будзе прымяняць гібкі падыход

16 марта 2020
Еўразійская эканамічная камісія разлічвае, што Расія пры абмежаванні ўезду для грамадзян Беларусі, які яна ўвяла з-за каранавіруса, будзе прымяняць гібкі  падыход. Аб гэтым сёння Міхаіл Мясніковіч паведаміў журналістам, падводзячы вынікі пасяджэння савета ЕЭК у Маскве. Каб мінімізаваць кантакты, у зале знаходзіліся толькі міністры Еўразійскай эканамічнай камісіі, а пасяджэнне з віцэ-прэм'ерамі пяці краін праходзіла па відэасувязі. У сувязі з сітуацыяй з каранавірусам сёння для тых, хто прыязджае ў Маскву, уведзены дадатковыя абмежаванні. Так, грамадзяне, якія прыбываюць у Расію з Беларусі, павінны забяспечыць самаізаляцыю дома на два тыдні, гэта значыць не наведваць працу, вучобу і грамадскія месцы.

Міхаіл Мясніковіч, Старшыня ЕЭК: "Немагчыма ў момант паставіць глухую сцяну. Лятаюць самалёты, можа, зменшыцца колькасць рэйсаў. Вяртанне грамадзян у сваю краіну, безумоўна, на мой погляд, будзе забяспечвацца. Што датычыцца выезду - безумоўна, будуць абмежаванні, але гэтыя абмежаванні прымаюцца краінай уезду, а не краінай выезду. Сітуацыя з каранавірусам ужо ўплывае і на беларуска-расійскія гандлёва-эканамічныя адносіны. І на грузавыя перавозкі, і на рух таварных патокаў. Дадаліся і пытанні, звязаныя з грашова-крэдытнай палітыкай. Гэта не столькі пытанні ЕЭК, рашэнні прымаюць нацыянальныя рэгулятары".

Таксама савет Еўразійскай эканамічнай камісіі сёння прыняў рашэнне абнуліць або знізіць  пошліны на некаторыя медыцынскія тавары, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса.