Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы Мінскай вобласці выходзяць на міжнародны рынак

23 мая 2016

Поўны цыкл апрацоўкі і пашырэнне асартыменту тавараў - дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы Мінскай вобласці выходзяць на міжнародны рынак! Павялічваць экспартныя пастаўкі дазваляе мадэрнізацыя вытворчасцяў. Толькі летась 170 прадпрыемстваў галіны на аднаўленне накіравалі звыш сямі трыльёнаў рублёў.

Актыўна ідзе мадэрнізацыя і на барысаўскім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве: за паўтара года тут плануюць цалкам аўтаматызаваць усе цыклы вытворчасці. Перспектывы дрэваапрацоўчай галіны - у матэрыяле Яна Пашкевіча.

Невялікі кавалак аранжавай крэйды - адзінае, што трэба аператару Дзмітрыю Іванову для апрацоўкі звыш 20 кубаметраў драўніны за змену. Спецыяліст зафарбоўвае трухлявыя і патрэсканыя месцы ў дошцы, а аўтаматызаваная піла выпраўляе ўсе дэфекты.

Летась на Барысаўскім дрэваапрацоўчым камбінаце ўсталявалі дадатковую лінію апрацоўкі драўніны. Праз пілы магутных станкоў за месяц праходзіць 12 000 кубаметраў.

ДВП, аздабляльныя і будаўнічыя матэрыялы, паліўныя гранулы - звыш 80% прадукцыі прадпрыемства пастаўляе на экспарт, найперш у Расію, Чэхію, Францыю. Рэйтынг папулярных тавараў у замежных спажыўцоў сёлета ўзначалілі садовыя домікі.

А на гэтым прадпрыемстве дрэваапрацоўку плануюць цалкам даверыць робатам. Правесці мадэрнізацыю дазволяць літоўскія інвестыцыі. Ужо набылі сучасны комплекс па вырабе дэталяў для мэблі - за хвіліну аўтаматызаваныя станкі ператвараюць 80 метраў драўніны ў шафы, сталы, ложкі. У чарзе па іх стаяць пакупнікі з Прыбалтыкі, Скандынавіі і Карэі.

Мадэрнізацыя лініі лесапілавання завершыцца да канца года. У выніку аб'ёмы дрэваапрацоўкі павялічацца амаль утрая.

Вытворчасць на прадпрыемстве безадыходная. Дранку і пілавінне пераўтвараюць у экалагічнае паліва.

Адыходы вытворчасці таксама трапляюць на перапрацоўку. На гэтай аўтаматызаванай лініі робяць да 120 тон паліўных гранул за дзень.

У Мінскай вобласці дрэваапрацоўчая галіна - на пятым месцы па аб'ёмах вытворчасці. Летась амаль 170 мэблевых і лесапільных прадпрыемстваў выпусцілі прадукцыі ў паўтара раза больш, чым годам раней. А ўзведзеныя з беларускай драўніны экспартныя масты звязалі цэнтральны рэгіён амаль з 30 краінамі свету.