Дэпутаты шостага склікання ў першым чытанні прынялі праект бюджэту - 2020

19 ноября 2019
Сёння дэпутаты шостага склікання ў першым чытанні прынялі праект бюджэту - 2020. Галоўны фінансавы дакумент на наступны год традыцыйна  сацыяльна арыентаваны. Гэта значыць, што выдаткі на медыцыну, адукацыю, зарплаты, дапамогі, сямейны капітал уразацца не будуць. Амаль 80 % з пазабюджэтнага фонду сацабароны пойдуць на пенсіі. Такія падыходы дэпутаты падтрымалі, пытаючы пры гэтым ва ўрада пра рэзервы для росту на будучы год і перспектыву. 

Адказы ў нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк.


Праект бюджэту  - гэта заўсёды баланс жаданага і магчымага

Як спрацуе эканоміка: рэальны сектар, малы бізнес, сфера паслуг і ацэнка знешняй кан'юнктуры рынку. За аснову нашага галоўнага фінансавага дакумента 2020 узяты базавы або кансерватыўны сцэнарый, дзе рост ВУП - 1,9 %. Так, без залішняга аптымізму, з аглядкай на асноўных гандлёвых партнёраў, якія таксама асцярожныя з прагнозам. Бо  апошнім часам аб'ём сусветнага экспарту-імпарту зніжаецца, гэта нельга не ўлічваць.

Бюджэт захавае сацыяльную скіраванасць 

Але самае важнае - казна застаецца сацыяльна арыентаванай. Зарплату бюджэтнікаў плануюць захоўваць на ўзроўні 80 % да сярэдняй па краіне, павялічваючы пры гэтым матэрыяльную падтрымку ўрачоў і настаўнікаў. Пенсіі індэксаваць раз на квартал. Грошы спланаваны і на сямейны капітал, субсідыі на будаўніцтва і на выплаты ветэранам да 75-годдзя Перамогі. Мінімалку і спажывецкі бюджэт зраўнуюць. 
Прыбыткі казны практычна не зменяцца ў параўнанні з гэтым годам. Негатыўны ўплыў на папаўненне агульнай скарбонкі звязваюць з расійскім падатковым манеўрам, пакуль не вызначанай цаной на газ і зніжэннем аб'ёмаў экспарту калійных угнаенняў.

У наступным годзе будзем жыць з дэфіцытам, значыць па сродках і без лішніх выдаткаў

Бюджэт-2020 звярстаны з інфляцыяй не вышэйшай за 5 %, стаўкай рэфінансавання  з вілкай  9,5 і цаной за барэль нафты ў 60 долараў. У наступным годзе будзем жыць з дэфіцытам, значыць па сродках і без лішніх выдаткаў, але з рэзервамі для росту.
Каля 9 мільярдаў рублёў пойдзе на пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу. Да канца года плануем аформіць і кітайскі крэдыт на 500 мільёнаў долараў. Гэта пацвердзіў Мінфін. Выказаўшы, дарэчы, і свой пункт погляду аб павелічэнні прыбыткаў на гады наперад. Размова ідзе аб пераглядзе некаторых падатковых ільгот, не, не сацыяльных, а, напрыклад, па ПДВ.

Істотную падтрымку атрымаюць вобласці 

Істотную падтрымку атрымаюць вобласці: амаль на траціну ўзрасце сума, якую перададуць у мясцовыя бюджэты з рэспубліканскага. Такія падыходы дэпутаты падтрымалі. У другім чытанні бюджэт 2020 чакаюць у Авальнай зале ўжо на наступным тыдні.