Будучыню інвестыцыйнага супрацоўніцтва па лініі Беларусь - Кітай абмяркоўвалі ў Мінску

18 августа 2016

Будучыню інвестыцыйнага супрацоўніцтва па лініі Беларусь - Кітай абмяркоўвалі сёння ў Мінску на пасяджэнні міжурадавай камісіі. Кірункі ўзаемадзеяння замацаваны ў выніковым пратаколе, які падпісалі партнёры.

Адзначана, што пачата праектная падрыхтоўка да візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Кітай. Так, Беларусь у будучыні разлічвае на больш цеснае супрацоўніцтва з Эксімбанкам КНР. Фінансавая падтрымка дазволіць кітайскім кампаніям станавіцца акцыянерамі беларускіх прадпрыемстваў і банкаў. Таксама беларускі бок мае намер прапанаваць партнёрам прапрацаваць новыя схемы прэферэнцый у галіне стварэння сумесных вытворчасцяў.

Уладзімір Зіноўскі, Міністр эканомікі Беларусі:

"Накіраванасць на крэдытаванне КНР праектаў у эканоміцы мы хочам усё ж звярнуць у інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Гэта не будзе павялічваць дзяржаўны доўг. І дасць штуршок таму, што высокаразвітыя кампаніі Кітая будуць прыходзіць сюды і ажыццяўляць свае праекты з нашай дапамогай. Таму што будзе задзейнічана рабочая сіла Беларусі. І ўсе прэферэнцыі, якія неабходныя для гэтага супрацоўніцтва, будуць дадзены Кіраўніком дзяржавы".

Узорным праектам дзвюх краін названы Кітайска-беларускі парк "Вялікі камень". Сёння ён упэўнена набывае статус міжнароднага: цікавасць да ўваходжання ў праект выяўляе аўстрыйскі, румынскі, а таксама балгарскі і нямецкі капітал. Задача далейшага супрацоўніцтва - нарасціць тэмпы будаўніцтва індустрыяльнага парка.