Бонусы агратэхналогій АПК Мінскай вобласці

7 октября 2021

Экспарт беларускага харчавання з пачатку года перавысіў 10 мільярдаў рублёў. Асаблівы попыт на нашу бульбу і мяса-малочную прадукцыю. Толькі ў Расію прадалі другога хлеба 90 тысяч тон, што ў разы больш, чым летась. Пры гэтым аграрыі поўнасцю насычаюць прадукцыяй і ўнутраны рынак. А сельгасарганізацыі фарміруюць задзел для стабільнай работы АПК на год наперад. Акрамя ўраджаю збожжавых, гэта і вялікая кармавая база для жывёл. Зараз у актыўнай стадыі ўборка кукурузы. Пра тое, як агратэхналогіі прыносяць бонусы, - Аляксей Кандраценка.

Напрыканцы сяўба азімых збожжавых, а ў актыўнай стадыі ўборка бульбы, цукровых буракоў, агародніны і кукурузы на сілас і зерне. Кастрычнік - час, калі аграсезон ставіць фінальную кропку.

Пакуль сваё слова ў гісторыі гэтага года яшчэ скажуць вытворцы бульбы. У прадпрыемства "Аграцэнтр Сула" сёлетняя ўраджайнасць ніжэйшая за традыцыйную, а гэта 400 цэнтнераў з гектара. Падвяла ліпеньская засуха. Але інтэнсіўнасць копкі ад гэтага не меншая. Камбайны працуюць на максімум.

А на суседніх палях гаспадаркі "Вялікі двор" інтэнсіўна працуюць іншыя камбайны. Уборка зялёнай масы кукурузы - адзін з гарантаў стабільнасці мяса-малочнай галіны. 450 цэнтнераў з гектара - добры вынік. Адну сенажна-сіласную траншэю сфарміруюць за 3 дні.

Аптымальная тэмпература і вільготнасць зялёнай масы плюс правільны выбар гібрыдаў кукурузы. Кожны элемент тэхналогій прыносіць бонусы аграрыям Стаўбцоўскага раёна. У «Вялікім двары» атрымліваюць больш за 20 літраў з каровы і амаль кілаграм мяса за дзень з аднаго бычка.

Уборка кукурузы на збожжа - яшчэ адна важная задача для сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці. У планах агульны намалот больш як 400 тысяч тон. Зараз камбайны на фоне сталічных ландшафтаў не рэдкасць, а норма. Землі вакол Мінска высокаўрадлівыя.

А ўжо ў наступным сезоне ў дапамогу сельгасарганізацыям будуць і новыя энерганасычаныя трактары, а таксама 12-метровыя сеялкі, якія зараз выпрабоўваюць на палях Мінскага, Салігорскага і Дзяржынскага раёнаў.