Беларусь разлічвае на інвестыцыі Кітая

5 мая 2015

Адносіны дзвюх краін дынамічна развіваюцца і сталі тэмай канферэнцыі маладых аналітыкаў "Беларусь на Шаўковым шляху". Сёння кожны дзясяты долар сусветных інвестыцый прыпадае на Кітай. І Беларусь зацікаўленая ў прыцягненні часткі гэтых сродкаў для рэалізацыі праектаў. Новым імпульсам для актывізацыі беларуска-кітайскіх адносін стане трохдзённы візіт кіраўніка КНР у Беларусь. Ён запланаваны на найбліжэйшыя дні. У Мінску эксперты з Кітая, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і моладзь абмеркавалі магчымыя галіны двухбаковага супрацоўніцтва.

Таццяна Бейдзіна, удзельніца IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Парадак дня - 2015": "Для мяне гэтая тэма цікавая ў першую чаргу тым, што гэта датычыцца маёй спецыяльнасці. Я скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці "ўсходазнаўства", і я лічу, што неабходна ўнесці свой уклад у развіццё канцэпцыі нашага ўзаемадзеяння з Кітаем".

Сяргей Кізіма, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі: "Акрамя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка мы, вядома, чакаем кітайскія інвестыцыі ў найбліжэйшыя гады. Прыход у такія галіны, як лагістыка, чыгуначныя зносіны, развіццё сістэмы шашэйных дарог, што звязваюць Беларусь з іншымі эканомікамі свету, развіццё сістэмы паветраных зносінаў".

Такія канферэнцыі праходзяць у рамках праекта "Разумныя сеткі". Ужо чацвёрты год ідэі моладзі разглядаюць для рэалізацыі і далейшага выкарыстання ў рабоце органаў дзяржкіравання.