Беларусь - Пакістан. Праект дарожнай карты развіцця адносін узгодняць ужо ў кастрычніку

11 августа 2015

Праект дарожнай карты развіцця адносін Беларусі і Пакістана плануецца ўзгадніць ужо ў кастрычніку гэтага года. Гэтае пытанне сёння абмеркавалі прэм'ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў і прэм'ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф. Паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, ужо праз год адносіны паміж дзвюма дзяржавамі павінны выйсці на цалкам новы ўзровень. 

Адзін з перспектыўных кірункаў - стварэнне ў Пакістане прамысловых зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі, а таксама сумесных кампаній па выпуску малочнай прадукцыі на аснове беларускіх тэхналогій і сыравіны. Каб яны запрацавалі ў поўную сілу, Андрэй Кабякоў прапанаваў прапрацаваць пытанне аб падпісанні міжурадавага пагаднення аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі. Паводле такога дакумента, пастаўкі некаторых тавараў для абодвух бакоў магчымыя без збірання ПДВ і ўвазных мытных пошлін. 

І сёння ж дэлегацыя з Пакістана сустрэлася з кіраўнікамі беларускага парламента - старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам і старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. Адна з асноўных тэм гутаркі - супрацоўніцтва паміж парламентамі абедзвюх краін.

На сёння зноў запланавана сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф ужо праз некалькі гадзін адкрыюць беларуска-пакістанскі бізнес-форум. Удзел у ім прымуць каля 30 кампаній.