Беларусь і Кыргызстан аднаўляюць зборку трактароў у Бішкеку

3 ноября 2016

Урачыстая цырымонія адкрыцця на базе "Аўтамаш-Радыятар" прайшла сёння раніцай з удзелам прэм'ера Андрэя Кабякова і выканаўцы абавязкаў прэм'ер-міністра Кыргызстана Сааранбая Жээнбекава.

Праектная магутнасць зборачнай вытворчасці складае да 5 тысяч трактароў за год. Хоць на першым этапе тут плануюць выпускаць да тысячы адзінак тэхнікі. Яе будуць пастаўляць на ўнутраны рынак Кыргызстана і за мяжу. Прапрацоўваецца магчымасць экспарту трактароў "Беларус" у Кітай і Туркменістан.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Мы разлічваем на тое, што вы здолееце гэту тэхніку асвоіць, рабіць яе якасна, а паколькі ваша прадпрыемства адначасова з'яўляецца і дылерскім цэнтрам, забяспечыць як гарантыйнае, так і паслягарантыйнае абслугоўванне", - сказаў ён. Са свайго боку ўрад Беларусі будзе падтрымліваць гэту зборачную вытворчасць. "Мы вельмі зацікаўленыя, каб у Кыргызстане быў наш цэнтр, які будзе займацца і вытворчасцю трактарнай тэхнікі, і абслугоўваннем тэхнікі іншых нашых вытворцаў - МАЗ, Гомсельмаш, Амкадор".

У сваю чаргу Сааранбай Жээнбекаў звярнуў увагу, што новая вытворчасць мае важнае значэнне для прамысловасці і сельскай гаспадаркі Кыргызстана. Нагадаем, напярэдадні прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў прыбыў у Бішкек для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.